Гаеўскі Іван Яфімавіч (Янка Светлячок, 2.08.1885-28.11.1957), беларускі паэт, настаўнік, публіцыст.


Нарадзіўся ў вёсцы Замужаны Барысаўскага павету. У бацькі-сталяра было дванаццаць дзяцей. Сям’я сядзела на трох дзесяцінах зямлі. Янка быў самы старэйшы з усіх дзяцей у сям’і. Вось бацька і памеркаваў, што найлепшым выйсцем са становішча будзе – большаму даць адукацыю. Ён адпадзе пры падзеле зямлі, дый малодшым – дапамога.

Янка вучыўся выдатна, спачатку ў Лошніцы, потым у Барысаве. У 1908 годзе быў залічаны студэнтам Віленскага настаўніцкага інстытута. Гэты інстытут ён скончыў у 1912 годзе. Сустрэчы з цікавымі людзьмі з асяродку віленскай беларускай інтэлігенцыі і наведванні рэдакцыі «Нашай нівы» пераконвалі ў неабходнасці брацца за пяро. З 1909 года ён стаў дасылаць свае матэрыялы і друкавацца ў “Нашу Ніву”.

Матэрыяльныя цяжкасці вярнулі Янку Светлячка дамоў. Пачаў настаўнічаць у Чмялевічах Зембінскай воласці. У гэты час ён з’яўляўся карэспандэнтам газеты “Наша Ніва”. Літаратуразнаўца Генадзь Каханоўскі выказвае здагадку, што Янка Светлячок мог асабіста быць знаёмым з Янкам Купалам, а найбольш з вядомым бібліяфілам Рамуальдам Зямкевічам. На думку Г. Каханоўскага, магчыма, апошні падахвоціў да збору народных песень на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. Ва ўсякім выпадку, на думку Г. Каханоўскага, Янка Светлячок рабіў гэта сумленна. У гэты час акрамя артыкулаў пра навіны з жыцця навакольных вёсак Янка Светлячок пісаў і ўласныя вершы.

Пазней Іван Гаеўскі быў прызнаны ў царскую армію і прымаў удзел у першай сусветнай вайне.

З перамогай рэвалюцыі ён стаў добраахвотнікам Чырвонай Арміі. Працаваў у Барысаўскім ваенкамаце, але нядоўга. Зноў вярнуўся да педагагічнай працы. У савецкі час паступіў і ў 1930-і годзе скончыў Педагагічны інстытут. Затым працаваў дырэктарам Каменскай школы ў Лагойскім раёне.

Як і многім прадстаўнікам інтэлегенцыі яму не удалося пазбегнуць рэпрэсій. Ён быў арыштаваны 27.8.1937 года. Падчас арышту ён працаваў дырэктарам няпоўнай сярэдняй школы ў вёсцы Камена Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна. Быў асуджаны 23.11.1937 тройкай НКВД як “член контррэвалюцыйнай арганізацыі” і за “шкодніцтва” да 10 гадоў ППЛ. Этапіраваны ў Паўднёвы (?) лагер НКВД.

Быў вызвалены 5.4.1940 (?). Вярнуўся на радзіму.

Пасля вайны працаваў вучыцелем матэматыкі у гарадскім пасёлку Плешчаніцы і ў мясцовым райана.

Памёр 28.11.1957 і пахаваны ў гарадскім пасёлке Плешчаніцы.

Па выдвінутым у сталінскія часы беспадстаўным абвінавачанням быў рэабілітаваны Пракуратурай БССР толькі 31.5.1989 года. Асабовая справа Івана Гаеўскага №27938-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Аўтар: У.А. Акуліч