ЗАДРОЗДЗЕ – вёска ў Крайскім сельсавеце. У 19 ст. засценак у Крайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1880 г. ў засценку размяшчаліся вадзяны млын, сукнавальня, у 1886 г. дзейнічала школа граматы. У 1917 г. 46 двароў, 253 жыхары. З 20.8.1924 г. вёска ў Крайскім сельсавеце Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 58 двароў, 296 жыхароў. У 1930 г. вяскоўцы арганізавалі калгас імя Будзённага, працавала кузня. У 1941 г. 42 двары, 216 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 4 двары, загубілі 11 вяскоўцаў, 6 жыхароў вывезлі ў Германію, 8 вяскоўцаў загінулі на фронце, 4 вяскоўцы ў партызанскай барацьбе. З 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 41 двор, 126 жыхароў. На 1.1.2003 г. 19 двароў, 31 жыхар. Магазін. Вёска ў складзе калгаса імя Будзённага (цэнтр в. Крайск).
Матэрыял падрыхтавала В.В. Віталёва
Навуковае рэдагаванне В.В. Гетава
Гісторыя дапоўнена звесткамі з даследванняў В.Л. Насевіча
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 426-427