ПЛЕШЧАНІЦЫ – гарадскі пасёлак у Лагойскім раёне. 8 тысяч жыхароў (2002 г.). Размешчаны на ўзбярэжжы Плешчаніцкага вадасховішча. За 27 км ад г. Лагойск, 67 км ад Мінска; на перасячэнні аўтамагістраляў Барысаў – Вілейка і Мінск – Віцебск.
Улица Ленина в Плещеницах. Фото Ю. Кривошея
Вядомыя з 16 ст. як сяло ў Мінскім павеце Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Уваходзілі ў склад Лагойскага маёнтка, які належаў Чартарыйскім. Пасля 1492 г. вялікі князь ВКЛ Аляксандр сваім прывілеем зацвердзіў за Аўдоццяй Чартарыйскай, удавой князя Андрэя Мажайскага (памёр у 1481 г.), пажыццёвае валоданне шэрагам сёл, сярод якіх былі і Плешчаніцы. Пасля смерці А. Мажайскай каля 1530 г. маёнтак Плешчаніцы атрымаў яе пляменнік В.І. Саламярэцкі (Шаховіч-Саламярэцкі), потым яго нашчадкі. З 1565-66 гг. Плешчаніцы – у складзе Мінскага ваяводства; размяшчаліся на тракце з Барысава на Даўгінава. Побач з маёнткам пачынаўся таксама тракт на Докшыцы і Глыбокае. У 1609 г. М.Л. Саламярэцкі прадаў Плешчаніцы Энаху Кавячынскаму, падкаморыю мінскаму. Пазней – уласнасць Тышкевічаў. 3 1793 г. – у Расійскай імперыі, мястэчка Барысаўскага павета Мінскай губерні, з 1860-х гг. – цэнтр воласці. У 1795 г. – 36 двароў, каля 340 жыхароў, царква Св. Троицы (уніяцкая), касцёл; 2 разы на год адбываліся кірмашы. Адначасова мястэчка з’яўлялася цэнтрам маёнтка, у які ўваходзілі фальварак Дабраволя, 16 вёсак і засценкаў. Мястэчка і яго жыхары, гаспадарка маёнтка значна пацярпелі ў час вайны 1812 г. 19.11.1812 г. каля Плешчаніц атрад рускай арміі пад камандаваннем генерала Я.І. Чапліца разбіў авангард 9-га французскага корпуса маршала Віктора, захапіў больш за 1400 палонных. У 1825-35 гг. у Плешчаніцах дзейнічаў створаны Тышкевічамі прыгонны тэатр. У 1882 г. пачала працаваць фабрыка драўляных шавецкіх капылоў і шпілек (у 1910 г. называлася «Германа-амерыканская фабрыка шавецкіх цвікоў і шпілек», у 1895 г. – 106 рабочых). У 1886 г. ў мястэчку знаходзіліся валасное праўленне, царква (пабудавана Тышкевічамі ў 1817 г.), сінагога, народнае вучылішча (з 1867 г.), бровар, 5 крам, 2 заезныя двары; праводзіліся штотыднёвыя таргі. У 1897 г. – 126 двароў, 1063 жыхары, дзейнічала паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У 1917 г. Плешчаніцы – мястэчка, 997 жыхароў; маёнтак і фальварак, 152 жыхары. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У лютым-снежні 1918 г. – акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі, у жніўні 1919 г. – ліпені 1920 г. – польскімі войскамi. З 17.7.1924 г. мястэчка – цэнтр Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. да 26.7.1930 г. Мінскай акругі, з 20.2.1938 г. ў Мінскай вобласці, з 27.9.1938 г. – гарадскі пасёлак. У 1933 г. – 1,4 тыс. жыхароў; сярод іншых прадпрыемстваў і ўстаноў працавалі млын, шавецка-рымарская арцель (з 1927 г.), крухмальны завод (з 1934 г.), леспрамгас (з 1930 г.). У 1939 г. – 3,7 тыс. жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з 18.6.1941 г. да 30.6.1944 г. акупіраваны гітлераўцамі, якія загубілі ў Плешчаніцах і раёне 2063 чалавекі. 3 18.8.1941 г. да 25.11.1942 г. дзейнічала Плешчаніцкае камсамольска-маладзёжнае падполле (23 чал., кіраўнік П.І. Адамовіч). 17.8.1943 г. партызаны брыгад «Народный мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» разграмілі плешчаніцкі варожы гарнізон. Пасля вайны гарадскі пасёлак адбудаваны, з 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У сучасных Плешчаніцах працуюць ААТ «Плешчаніцы-лес», хлебазавод, птушкафабрыка, швейнае прадпрыемства, будаўнічыя і гандлёвыя арганізацыі, установы культуры, адукацыі і аховы здароўя. Помнікі гісторыі: брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік археалогіі – курганны могільнік.
Аўтар: В.М. Князева
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 457-458
{jlvkcomments-off}