Гарадскі пасёлак у Лагойскім раёне. За 27 км на поўнач ад г. Лагойск, на беразе Плешчаніцкага водасховішча, на перасячэнні аўтамагістраляў Барысаў – Вілейка і Мінск – Віцебск. 7860 тысяч жыхароў (1999).

Вядомы з 16 стагоддзя як вёска ў Мінскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654-67 у ваколіцах Плешчаніц у 1656-57 атрад на чале з Дз[янісам]* Мурашкам руйнаваў шляхецкія маёнткі. 3 1793 у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, 50 дамоў, цэнтр воласці ў Барысаўскім павеце. У Айчыную вайну 1812 пры адступленні французскай арміі рускі атрад генерала Чапліца разбіў тут авангард 9-га французскага корпуса маршала Віктора [Багарнэ]. У 1817 [годзе] уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825 [годзе] стварылі прыгонны тэатр (дзейнічаў да 1835). У 19 ст. тут была школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 піцейныя двары, 2 разы на год [праводзіліся] кірмашы. У 1882 заснавана фабрыка шавецкіх капылоў, пазней – фабрыка шавецкіх гваздоў. У 1897 у Плешчаніцах [налічвалася]  1086 жыхароў, [дзейнічала] народнае вучылішча, паштова-тэлеграфнае аддзяленне. З 29.8.1919 [Плешчаніцы] – цэнтр воласці Барысаўскага павета. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна. З 1929 [года ў Плешчаніцах] працавалі – электрастанцыя, млын, лесапільня, сукнавальня. 3 27.9.1938 [Плешчаніцы] – гарадскі пасёлак. У 1939 [у Плешчаніцах налічвалася] 3,7 тысяч жыхароў, працавалі крухмальны і тарфяны заводы. 28.6.1941 [Плешчаніцы былі] акупіраваны нямецкімі фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у Плешчаніцах і раёне загубілі 2063 чалавек. Дзейнічала Плешчаніцкае камсамольска-маладзёжнае падполле, летам 1943 партызаны правялі аперацыю «Фінансіст», у выніку якой з Плешчаніцкага банка забралі 224 тысяч марак, і Плешчаніцкую аперацыю 1943 па разгроме нямецкага гарнізона. Вызвалены Плешчаніцы 30.6.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1977 [у Плешчаніцах налічвалася] – 6,9 тысяч жыхароў. [Сёння] у Плешчаніцах працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы, лясгас, 2 сярэднія, музыкальная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 2 прафесійных-тэхнічных вучылішча, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 бібліятэкі, бальніца, магазіны, камбінат бытавых паслуг, аддзяленне сувязі. [На тэрыторыі Плешчаніц знаходзяцца] – Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, што загінулі ў Вялікую Айчыную вайну.

 

 

Крыніца: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т5. Мінск. 1999. С. 512-513
*Заўвага. дапаўненні ў квадратных дужках зрабіў У.А. Акуліч

 {jlvkcomments-off}