Да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі Плешчаніцы ўяўлялі сабой невялікае мястачка. У адным гістарычным дакуменце паведамляецца, што «ваколіцы Плешчаніц пакрыты магільнымі курганамі сівой мінуўшыны, мясцовасць гэта заселена здаўна. Маёнтак належыць гра­фам Тышкевічам. На сродкі Софіі Тышкевіч у мястэчку ў 1817 годзе пабудавана царква «святой троіцы». Далей у гэтым жа даку­менце расказваецца, што 10 лістапада 1812 года Плешчаніцы былі сведкай бітвы віцэ-караля італьянскага Яўгенія Багарне пры адступленні французскіх войск. У той жа дзень Напалеон з усім сваім штабам меў у мяс­тэчку начлег пасля памятнай бярэзінскай пераправы.

З другіх дакументаў вядома, што насельніцтва Плешчаніц займалася сельскай гаспадаркай, дробнымі рамёствамі і гандлем. З «прамысловых прадпрыемстваў» тут быў «завод» па вытворчасці драўляных цвікоў і колавай мазі, дзе працавала некалькі дзесяткаў рабочых. На тэрыторыі мястэчка, якое налічвала 415 жыхароў, былі таксама два пастаялыя двары і вінакурня. Па нядзелях жыхары ішлі або ў малітвенныя дамы, або ў карчму.

Згодна «Памятнай кніжкі Мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў» у Плешчаніцкім народным вучылішчы ў канцы мінулага стагоддзя займалася ўсяго 40 хлопчыкаў. За навучанне трэба было плаціць, а таму дзеці большасці жыхароў наогул не хадзілі ў школу. Вось чаму не прыходзіцца здзіўляцца, што 92 працэнты дарослага насельніцтва Плешчаніц да Вялікага Кастрычніка складалі непісьменныя.

Пачатак   новаму  жыццю паклаў Вялікі Кастрычнік. Непазнавальна змяніліся за гэты час Плешчаніцы. Гордасцю жыхароў гарадскога пасёлка з’яўляецца новы мікрараён, дзе размешчаны торфапрадпрыемства «Чысцік», аўтабаза № 12, «Міжкалгасбуд».

Сваё знаёмства  з  сённяшнім днём Плешчаніц мы і пачнем з торфапрадпрыемства «Чысцік». Яно буйнейшае ў Мінскай вобласці: мае пяць фрезерных участ­ка і чатыры цэхі. Агульная колькасць працуючых на прадпрыемстве складае каля 700 чалавек. Валавая прадукцыя раўняецца 1 мільёну 800 тысячам рублёў у год. Акрамя фрэзернага торфу, які пастаўляецца для Смалявіцкай ГРЭС, дабываецца таксама торф паніжанай вільготнасці для вытворчасці паўбрыкету.

Штогод калгасы і саўгасы  атрымліваюць з прадпрыемства 120 тысяч тон фрэзернага торфу для выкарыстання  яго на  подсціл жывёле.

На працягу апошніх гадоў тор­фапрадпрыемства значна перавыконвае даведзеныя заданні па ўсіх паказчыках. Тут працуе шмат вопытных спецыялістаў-механізатараў. Многія з іх за добра-сумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці зане­сены на Дошку гонару, у Кнігу гонару, а 43 прысвоена званее ўдарніка камуністычнай працы. У 1966 годзе за поспехі ў працы Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў слесара па рамонту паліўнай і масляной апаратуры С. П. Петуха ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а I.А. Антаневіча — медалём «За працоўную доблесць».

Своеасаблівым  цэнтрам гарадскога пасёлка з’яўляецца аўтобусная станцыя. Па адзінаццаці маршрутах штодзённа адсюль ідуць аўтобусы, звязваючы з Плешчаніцамі самыя аддаленыя населеныя пункты раёна. За мінулы год перавезена амаль мільён пасажыраў.

Але перавозка людзей — гэта толькі невялікая частка работы, якую выконвае калектыў Плешчаніцкай аўтабазы №12. Галоўнай задачай аўтабазы з’яўляецца дастаўка грузаў для арганізацый, прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў раёна. Штодзённа больш ста грузавых аўтамашын розных марак выязджаюць з варот аўтабазы і бяруць кірунак у многія гарады нашай краіны.

З кожным годам расце аўтапарк базы, паляпшаюцца ўмовы працы рамонтных рабочых. Напрыклад, тут здадзен у эксплуатацыю выдатны прафілакторый. Аўтабаза сёння — добра-арганізаваная, рэнтабельная аўтагаспадарка.

Гарадскі пасёлак хутка забудоўваецца. Вырастаюць новыя карпусы прадпрыемстваў і ўстаноў. Некаторыя з гэтых памяшканняў узведзены рукамі рабочых Плешчаніцкай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Толькі ў мінулым годзе плешчаніцкія будаўнікі здалі ў эксплуатацыю 17 буйных аб’ектаў, сярод іх двухпавярховае збожжасховішча калгаса «Крайскі», тыпавыя кароўнікі ў калгасах «Праўда», імя Энгельса, «Шлях Леніна». і г.д.

З вялікім уздымам працуюць рабочыя гэтай арганізацыі ў юбілейным годзе нашай рэспублікі. Як і летась, яны поўны рашучасці перавыканаць гадавы план будаўніча-мантажных работ, завяршыць узвядзенне ўсіх запланаваных на гэты год аб’ектаў.

Плешчаніцкі леспрамгас з невялікага сезоннага прадпрыемства, дзе большасць работ на першым часе выконвалася ўручную, а лес перавозіўся ў асноўным коньмі, вырас да буйной лесанарыхтоўчай арганізацыі, аснашчанай сучаснай тэхнікай. Валка лесу, напрыклад, зараз тут праводзіцца бензаматорнымі піламі «Дружба», тралёўка — трактарамі «ТДТ-40». На пагрузачных работах выкарыстоўваюцца аўтакраны. За год калектыў леспрамгаса ў сярэднім нарыхтоўвае і вывозіць для патрэб народнай гаспадаркі не менш 240 тысяч кубаметраў драўніны.

За паспяховае выкананне планавых заданняў калектыў леспрамгаса неаднаразова адзначаўся Міністэрствам лясной, цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР. А ў 1966 годзе абрубшчыца сукоў Г. В. Насеннік і шафёр I. В. Прытыка Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга. Гэтым жа указам урадавых узнагарод удастоены вальшчык лесу М. П. Давідовіч, шафёр С. Ю. Скакун, майстар участка В. В. Харэвіч і дырэктар леспрамгаса Г. Н. Каган.

У Плешчаніцах ёсць камбінат бытавога абслугоўвання, вытворчы ўчастак райпрамкамбіната,  крухмальны за­вод...

Па-ранейшаму некоторая частка насельніцтва гарадскога пасёлка займаецца сельскай гаспадаркай. Гэта рабочыя саўгаса «Плешчаніцкі» — адной з перадавых гаспадарак раёна.

Цяпер у Плешчаніцах працуюць дзве агульнаадукацыйныя сярэднія школы і адна школа-інтэрнат, у якіх займаецца больш дзвюх тысяч навучэнцаў. У распараджэнні школьнікаў — выдатныя класы, кабінеты, бібліятэкі, спартыўныя залы і г. д. Навучанне вядуць тут вопытныя педагогі, двум з якіх — Валянціне Аркадзьеўне Гатоўка (СІІІ №1) і Валянціне Казіміраўне Вернікоўскай (СШ №2) прысвоена высокае званне заслужанага настаўніка БССР.

Тысячы былых выпускнікоў атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, і, стаўшы ўрачамі, педагогамі, інжынерамі, аграномамі, працуюць за­раз у розных кутках нашай неабсяжнай краіны. Так, В. I. Цагельскі працуе інжынерам Мінскага завода лічыльных машын, Э. I. Мішурская — архітэктарам горада Новаполацка, Л. А. Данілевіч —інжынерам Беларускага атамнага рэактара.

Ёсць у Плешчаніцах дзіцячая спартыўная школа. Яе ўзначальвае адзін з лепшых лыжнікаў нашай краіны майстар спорту Л. А. Елісееў. За параўнаўча нядоўгі час свайго існавання школа стала сапраўднай кузняй па падрыхтоўцы спартсменаў-лыжнікаў. Многія выхаванцы ДСШ неаднаразова выходзілі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Лепшыя з іх М. Галдовіч, які нядаўна стаў майстрам спорту, і першаразраднікі Я. Анфінагенаў, В. Дзямідчык, В. Матавілкін і іншыя неаднаразова ўваходзілі ў склад зборных юнацкіх каманд рэспублікі па лыжнаму спорту.

З 1964 года ў Плешчаніцах адкрыт філіял Барысаўскага трохгадовага медыцынскага вучылішча, у якім займаецца 180 студэнтаў. Сёлета ў гарадскім пасёлку пачала працаваць школа будаўнікоў-дзесятнікаў.

На ўскраіне Плешчаніц у густой зеляніне хвойнага лесу, узвышаюцца карпусы бальніцы. Калектыў яе работнікаў налічвае больш 70 чалавек. У распараджэнні медыкаў сучаснае абсталяванне: два наркозныя апараты, апарат для штучнага дыхания, новы рэнтгенаапарат, электрычныя аўтаклавы, бесценевыя лямпы і г. д. Цяпер бальніца разлічана на 125 ложкаў. Акрамя таго, у 1961 годзе адкрыт супраць туберкулёзны Ды­спансер на 66 ложкаў. Пры бальніцы працуе таксама станцыя хуткай дапамогі.

За поспехі ў справе аховы здароўя працоўных работнікі бальніцы Е. С. Чыжыкаў, С. Д. Варай і Т. 3. Гайваронская адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Галоўнаму ўрачу бальніцы Е. С. Чыжыкаву прысвоена званне за­служанага ўрача БССР.

Да паслуг насельніцтва гарадскога пасёлка 20 магазінаў, 7 сталовых і буфетаў, аўтаматычная тэлефонная стан­цыя на 300 нумароў, аддзяленне сувязі, гасцініца, дзве бібліятэкі, у якіх налічваецца больш 50 ты­сяч тамоў кніг, Дом культуры, чатыры ведамасныя клубы, дзве стацыянарныя кінаўстаноўкі.

А вось яшчэ некалькі харак­терных лічбаў. Толькі за адзін мінулы год жыхары Плешчаніц набылі 484 халадзільнікі. Яны выпісваюць больш шасці тысяч экземпляраў газет і часопісаў. У гарадскім пасёлку ўстаноўлена больш шасцісот тэлевізійных антэн.

 

 

Крыніца: Лагойскі раён за 50 гадоў Савецкай улады : Да 50-годдзя БССР / Лагойс. РК КПБ. - [Лагойск], 1968. – (Мінулае і сучаснае).