Калі кінуць позірк на нашу шматвекавую гісторыю, то ці не ў кожнага з нас узнікне думка; менш за ўсё мы маем канкрэтнае ўяўленне пра сваё далёкае мінулае. З-за вечнай жыццёвай мітусні мы не ў стане асэнсаваць багатую нацыянальную спадчыну. Складваецца такое ўражанне, што нам гэта ўвогуле не патрэбна. I як жа памыляюцца тыя, хто выракаецца свайго роднага, спрадвечнага, хто не цэніць яго і ганьбуе. А варта звяртацца да гістарычнай памяці, каб уваскрасіць, узнавіць тое, што нядбайна закінута, незаслужана забыта.
Старажытны далёкі час – XII стагоддзе. Чым займаліся, як працавалі, як пацяшаліся людзі на землях, дзе жывём сёння мы? Звяртаюся менавіта да таго гістарычнага перыяду, бо ён быў асабліва адметным для Белай Русі. Не абышлі бурныя гістарычныя падзеі нашы землі, нашы гарады і вёскі.
Лагойшчына на той час уваходзіла ў склад Полацкай дзяржавы, княства, працягласць якога з поўначы на поўдзень дасягала 300 кіламетраў. У слаўным горадзе Полацку жыла тады князёўна, ігумення, але найперш вялікая асветніца — Ефрасіння, з роду легендарнага полацкага князя Усяслава-Чарадзея. Доўгі час пра яе не было згадак у школьных падручніках па гісторыі Беларусі, не было месца ў музейных экспазіцыях. Дзейнасць славутай палачанкі ацэньвалася аднабакова, з пазіцый «барацьбы з цемрашальствам і рэлігіяй».
Ефрасіння, як і яе сучаснікі Кірыла Тураўскі і Кляменці Смаляціч, набыла ў тую пару агульнаеўрапейскую вядомасць і значнасць. Яна пакінула пасля сябе глыбокую памяць у асяроддзі беларускага народа.
Легендай дайшла гэтая памяць і да нашага пакалення. Вядомы гістарычны факт — на прыканцы свайго жыцця вялікая асветніца Ефрасіння адправілася пешшу ў святы горад Іерусалім. Дарога яе пралягала і праз нашу Лагойшчыну. У адным паселішчы паломнікі, а з Ефрасінняй былі і яе сёстры Гардзіслава і Звеніслава, рашылі адпачыць. Селі каля прыгожай чыстай рэчкі. Да іх падыходзілі мясцовыя людзі, падносілі хлеб-соль. Нехта з паломнікаў адзначыў, што вада ў гэтай рэчцы светлая і празрыстая, нібы ў полацкай Дзвіне. У час таго адпачынку Ефрасіння і яе сёстры абмылі ў рачной вадзе свае накідкі-плашчаніцы.
У народзе ішлі добрыя чуткі аб паломніцтве полацкай князёўны. Усюды яе радасна сустракалі і віталі, жадалі лёгкай і шчаслівай дарогі. Паселішча дзе спынялася на адпачынак Ефрасіння са сваімі спадарожніцамі, пачалі называць Плешчаніцы, а рэчку тутэйшую — Дзвінасой.
Крыніца: Сідарэвіч М. Захавалася гісторыя ў легендах // Родны край. №31. 1996.
{jlvkcomments-off}