Сярод лясоў, авеяных павер’ямі

Аўтар: Альгерд Арцюшэўскі, 1960 год

 

Дарагая рэдакцыя! – піша чытач Мікалай Пташнік з … Крайскага сельсавета. – Прашу расказаць аб гісторыі паходжання гарадскога пасёлка Плешчаніцы, аб мінулым раёна.  З такой жа просьбай  звяртаюцца ў рэдакцыю і чытачы. Гэтыя пісьмы мы паказалі дырэктару школы-інтэрната, выкладчыку гісторыі Альгерду Пятровічу Арцюшэўскаму, які займаецца зборам і вывучэннем матэрыялаў аб гістарычным мінулым Беларусі. Тав. Арцюшэўскі згадзіўся напісаць на гэтую тэму нарыс, які мы пачынаем друкаваць.

І

На поўначы Беларусі, сярод лясоў, абвеяных фантастычнымі  павер’ямі і паданнямі, ля вытокаў рэк Дзвінасы і Віліі раскінуліся землі нашага, Плешчаніцкага раёна. Многа змяненняў адбылося тут за апошнія ча­сы. Лясную глуш перарэзалі дарогі, пакідаючы на сваім шляху вапнавыя і цагельныя заводы, дрэваапрацоўчыя камбінаты. Да торфараспрацовак пацягнуліся вузкакалейкі. Выраслі пасёлкі...

Але лясы не страцілі сваёй красы, свайго багацця. Яны сталі яшчэ даражэй сэрцу чалавека. Край гэты поўны хараства і прыгажосці...

Прыходзяць вёсны. На наздраватым снезе з’яўляюцца  першыя прывабныя роспісы крылляў цецерука. Загамоняць ручаі, і да страсных ігрышчаў, на апалавых зорах, пасля трубнай жураўлінай песні, чарадамі злятаюцца прагныя да бітвы чырвонабровыя такавікі. На віду ў стракатай ахарашываючайся цяцёркі, раскідваючы моцныя крыллі, яны збіваюць адзін другога грудзьмі, губляюць пер’е...

Усё цяплей прыгравае сонца. У праталінах распускаюцца пер­шыя веснавыя кветкі. Расталая вада запаўняе поймы. На прыпёку далікатная  выпушка вярбы-брэдніцы ахутваецца тонкім пчаліным звонам.

Багаты, поўны чароўнасці і прыгажосці наш край!

Якія ж асноўныя вехі яго гісторыі? Аб гэтым мы коратка і раскажам чытачам у гэтым нарысе.

Адкрытыя на нашай зямлі старажытнейшыя архіялагічныя помнікі адносяцца да пачатковага перыяду першабытна-родавай абшчыны, які ахоплівае працяглы час (30 тысяч – 5 тысяч гадоў да н. э.). Першыя 18 тысяч гадоў гэтага перыяду (30 ты­сяч – 12 тысяч гадоў да н. э.) былі канцом лядніковай эпохі. На нашай зямлі тады былі суровыя кліматычныя ўмовы. Тундравая расліннасць пакрывала ўсю тэрыторыю нашага раёна.

Прыкладна за 12 тысяч гадоў да н. э. лядніковая эпоха закончылася. На працягу апошніх сямі тысяч гадоў клімат стаў больш мяккім. Паявіліся лясы з бярозы, ёлкі, сасны. К гэтаму часу вымерлі буйный жывёлы – маманты і насарогі. Паўночны алень, пясец пераcяліліся далёка на поўнач. Лясы сталі насяляць тур, лось, алень, вепр, мядзведзь, воўк, лісіца і іншыя жывёлы. У рэках у вялікай колькасці паявілася рыба.

Вялікімі [групамі] хадзілі людзі ў той час у пошуках ежы. Для палявання і рыбнай лоўлі яны прымянялі грубыя каменныя дрылады. К канцу лядніковага перыяду людзі ўжо былі знаёмы з агнём і ўмелі яго здабываць.

К V тысячагоддзю да н. э. раслінны і жывёльны свет ужо мала чым адрозніваўся ад сучаснага.

Нашы продкі, як увесь беларускі народ і другія народы на­шай вялікай Радзімы, прайшлі складаны шлях гістарычнага развіцця. У гісторыі людзей, што насялялі землі Плешчаніцкага раё­на, маецца нямала старонак гераічнай барацьбы за свабоду i незалежнасць, якую яны вялі супраць ворагаў з усім беларускім народам пры надзейнай падтрымцы рускага народа.

Больш тысячы гадоў таму на­зад у IX веку ўзнікла маладая старажытна-руская дзяржава – Кіеўская Русь. Беларусы, рускія, украінцы былі звязаны паміж са­бой агульнасцю мовы, культуры. У гарадах паспяхова развіваліся цяслярнае, кавальскае, гарбарнае, ганчарнае і іншыя рамёслы. У XI веку быў ужо вядомы горад Логожск (Лагойск); у 1067 годзе летапіс упершыню ўпамінае Менск. Гэтыя гарады ўзніклі на гандлёвых шляхах, што звязвалі старажытную Русь з прыбалтыйскімі краінамі. У XII веку пасля прыходу ў заняпад гандлю Кіева з Візантыяй сувязі заходніх зямель Русі з землямі сярэдняга Прыдняпроўя аслаблі. У гэты час пачалі развівацца гандлёвыя сувязі Полацка і Віцебска з горадам Вісбі на востраве Готланд і з гарадамі Паўночнай Германіі. Та­ды, трэба лічыць, і пачалі ўзнікаць населеныя пункты нашага раёна, у тым ліку і Плешчаніцы.

ІІ

З развіццём феадальных адносін асобныя часткі старажытнарускай дзяржавы ўсё больш і больш адасабляюцца ад Кіева. Адзінства рускіх зямель змяняецца феадальнай раздробленасцю. Княжацкія военачальнікі, ваяводы, зборшчыкі падаткаў захопліваюць сабе многа зямель. Гэтыя буйныя землеўладальнікі (феадалы) запрыгоньвалі і прыгняталі сялян. Феадалы багацелі, іх палітычная магутнасць расла. Многія буйныя землеўладальнікі мелі сваё войска (дружыну) і не хацелі падпарадкоўвацца кіеўскаму вялікаму князю. Яны імкнуліся любым шляхам расшырыць свае ўладанні і атрымаць пабольш падаткаў з вёсак і гарадоў, падначаленых ім. Многія ўдзельныя князі імкнуліся самі заняць вялікакняжацкі кіеўскі «стол».

Адзіная старажытнаруская дзяржава распалася на асобныя княствы, землі, вобласці. Міжусобныя войны, якія пачаліся паміж асобнымі князямі, аслабілі эканамічную і палітычную ма­гутнасць дзяржавы. У гэты перыяд на Русь з усходу напалі татара-мангольскія заваёўнікі, а з захаду – нямецкія рыцары, крыжаносцы, якія шукалі лёгкай спажывы. Адсутнасць адзінства ў барацьбе са знешнімі ворагамі прывяла да таго, што частка рускіх зямель – Кіеўская, Валынская, Падольская, Турава-Пінская, Полацка-Мінская ў ХІІІ-XIV вяках трапілі ў залежнасць да літоўскix i польскіх князёў. У складзе Полацка-Мінскай зямлі знаходзіліся землі [і] Плешчаніцкага раёна, якія тралілі   пад    уладу польскіх і літоўскіх феадалаў.

Сяляне Плешчаніцкага раёна ў гэты час былі зусім бяспраўнымі. Жылі яны ў голадзе і разарэнні. Гістарычныя крыніцы даюць многа прыкладаў, што пацвярджаюць факты куплі-продажу і абмену сялян нараўне з інвентаром. Польскі публіцыст Станіслаў Ажэхоўскі ў свой час пісаў: «Улада над прыгоннымі ў нас вельмі су­ровая. Паны забіраюць у сваіх сялян зямлю, маёмасць, а ў некаторых уездах сялян прадаюць, як скаціну».

Буйны магнат Хрыстафор Апалінскі і той у 1650 годзе пісаў, што становішча нашых сялян было горш рабства. «Сэрца замірае, па целу мурашкі ідуць, калі ўспамінаеш аб гэтым раб­стве... Вярблюд, як расказваюць, праз сілу не носіць, і калі яго наўючыць так, што ён адчуе сябе перагружаным, ён адразу кладзецца і не можа ўстаць!.. Мужычок павінен усё вытрымліваць, што б яму пан не ўзваліў на плечы, хоць канай... Сяляне не маюць ні аднаго вольнага дня... Сто ратоў і сто языкоў, – усклікае аўтар, – і гэтага не хапіла б, каб апісаць прыгнет сялян».

Цяжкая паншчына была ўстаноўлена ў той час. Разам з тым сяляне неслі і рад дадатковых павіннасцей. Яны павінны былі даваць «дзякло» і «мезлева». «Дзяклом» называўся натураль­ны падатак, які ўносіўся жытам   або пшаніцаю, аўсом, сенам, пянькой ці ільном, дрывамі, ку­рамі і яйкамі; «мезлева» – на­туральны падатак, што плаціўся каровамі, свіннямі, баранамі. Акрамя «дзякла» і «мезліва» ся­ляне нашага раёна плацілі сваім феадалам розныя іншыя подаці. Яны абавязаны былі хадзіць на «талаку» (г.зн. на дапамогу ў разгар сельскагаспадарчых работ касіць сена, араць пад папар, жаць азімыя і яравыя). Сяляне павінны былі таксама з’яўляцца на «гвалты» (запруджваць раку, рамантаваць плаціну, грэблю, удзельнічаць у аблаве на звера, валачыць невад і інш.). Даводзіла да галечы сялян і тое, што яны вымушаны былі хадзіць з падводамі на будаўніцтва замкаў.

Цяжкае становішча сялян знайшло адлюстраванне ў многіх тагачасных песнях:

У адной са жніўных песень, што апублікаваны П.В. Шэйнам, чытаем:

«Бадай пану ў двары страшна,

Як нам у полі сонца зашла.

Сонца зашла, шчэ мы жнема,

За месяцам снапы нясема,

Пры зорках ў копы кладзема,

Апоўначы дадому ідзема…»

Дваранска-буржуазны гісторык М. Каяловіч так апісваў шматпакутных беларускіх сялян: «Беларусы большай часткай... кволыя, вялыя, бледныя. Нярэдка хлопцы і дзяіўчаты ў 20 год ужо не маюць ні крывінкі ў твары».

ІІІ

Сведчаннем поўнай залежнасці прыгонных сялян, што жылі ў ХVІІ веку на землях цяперашняга Плешчаніцкага раена, была нічым не абмежаваная судовая ўлада гаспадара. Сяляне нідзе не маглі знайсці абароны супраць прыгнёту паноў і абскардзіць несправядлівы прыгавор суда. На нашых землях ва ўмовах беззаконнасці і прыгоннага самавольства бясчынствавалі такія паны-злачынцы, якія здзіўлялі нават да ўсяго прывыкшых шляхецкіх сучаснікаў. Такім быў, напрыклад, каронны стражнік Лашч, які на чале банды ў некалькі сот чалавек тэрарызаваў не толькі сялян, але і ўсіх акружаючых дробных шляхціцаў. За забойствы, насілле і рабункі Лашч быў 236 разоў асуджан на выгнанне і 37 – на інфалію (пазбаўленне шляхецкага гонару). Але знаходзячыся пад заступніцтвам Канецпольекага, гэты злачынец нахабна насміхаўся над бяесіллем дзяржаўнага апарату Рэчы Паспалітай.

Тыранія і самаўпраўства феадалаў не ведалі граніц. У адной з кніг, што апісваюць тагачаснае жыццё, чытаем: «Тады пан вялеў засеч мужыка насмерць – мужыка і засеклі». Амаль у кожным буйным маёнтку мелася свая турма і месца для допыту і катавання сялян.

Пасля таго, як у 1596 годзе насільна была прынята царкоўная ўнія, сярод насельніцтва нашага раёна ўзмацніўся і нацыянальна-рэлігійны прыгнёт. Польскія па­ны ўсяляк выкаранялі беларускую мову і культуру. Занявольванню насельніцтва служыла палітыка акаталічвання, што праводзілася польскім панствам. Вялікую нянавісць сялян нашага раёна заслужыў уніяцкі епіскап іезуіт Іасафат Кунцэвіч, які насільна ўкараняў унію, кідаў у турмы праваслаўных, здзекваўся над імі. Выданыя ў 1865 годзе на французскай, польскай і лацінскай мовах «Дакументы, што тлумачаць гісторыю Заходняга краю...» шматгранна адлюстроўваюць трагічнае становішча шырокіх мас Плешчаніцкага раёна. У прашэнні нашых людзей на сейме ў 1623 годзе гаворыцца: «Іасафат Кунцэвіч, каб дапячы мясцовым мяшчанам, загадаў выкопваць свежапахаваныя ля царквы хрысціянскія трупы па-мёршых і кідаць на з’ядзенне сабакам. Неуніята Данііла падверглі свецкаму суду. Яго са скручанымі рукамі вывелі на поле за мястэчка, аблілі смалою і спалілі на агні. Уніяты рабілі напады на дамы, забіралі і знішчалі маёмасць, у бацькоў адбіралі дзяцей, катавалі, тапілі, забівалі».

Насільным укараненнем каталіцтва польская магнаты стараліся затушыць імкненне нашага на­рода да ўз’яднання з брацкім рус­кім народам. Але гэтаму імкненню нішто не магло перашкодзідь.

Штуршком да сялянскага руху ў 1657-1658 гг. паслужыла маравая язва і голад. Яшчэ летам 1656 года палявыя мышы пачалі знішчаць хлеб спачатку на коранi, а затым у сціртах, свірнах і гумнах. Ураджай загінуў, і пачаўся голад. Людзі елі катоў, сабак, падлу і нават чалавечыя трупы. Язва лютавала і ў Плешчаніцах. На барысаўскай і іншых дарогах былі пастаўлены заставы. Эпідэмія захапіла значную частку Беларусі. Ад хваробы і голаду памерла вялікая колькасць людзей. Жорсткая прыгонніцкая эксплуатацыя, голад, успыхнуўшыя эпідэміі, вайна, што ішла ў гэты час паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, давялі сялян і нізы местачковага насельніцтва Плешчаніц да поўнай галечы.

ІV

Вясною 1654 года пачалася вайна з Рэччу Паспалітай за ўз’яднанне Украіны і Беларусі з Рускай дзяржавай. Народныя масы цяперашняга Плешчаніцкага раёна, як і ўвесь беларускі на­род, чакалі дапамогі сваіх рускіх братоў і рыхтаваліся разам з імі выступіць на барацьбу за свае вызваленне ад панска-шляхецкага ярма.

18 мая 1654 года галоўныя сілы рускага войска паспяхова рушылі наперад па Смаленскай дарозе У сярэдзіне ліпеня яны асадзілі Смаленск. Удар па ворагу ў Беларусі быў нанесен у двух напрамках: войскамі Шарамецьева – ўздоўж Заходняй Дзвіны, а войскамі Трубяцкога і Чаркаскага – на Мсціслаўскае ваяводства. На дапамогу рускаму войску Багдан Хмяльніцкі накіраваў у Бела­русь 20 тысяч казакоў Чарнігаўскага, Нежынскага і Старадубскага палкоў пад агульным камандаваннем Івана Залатарэнкі. Рускае войска паспяхова развівала наступленне. 30 чэрвеня яно авалодала Мінскам, у ліпені былі вызвалены і нашы землі.

Насельніцтва Плешчаніц з радасцю сустракала сваіх вызваліцеляў. Маскоўскі ўрад звярнуўся да беларускага народа з заклікам узбройвацца для барацьбы з польскімі панамі. Насельніцтва, што жыло ў той час на землях цяперашняга нашага раёна, горача адгукнулася на гэты заклік. Сяляне “усяляк аказвалі дапамогу рускаму войску: захоплівалі ў палон польскіх паноў і шляхту, грамілі іх маёнткі, вялі разведку і паведамлялі рускаму камандаванню аб перамяшчэннях польскага войска.

У пауночна-заходняй  частцы цяперашняга нашага раёна ля ракі Віліі адбылася вялікая жорсткая бітва паміж рускімі і польскімі войскамі. Лагер рускага войска быў паўкругам размешчан ля Віліі. Палякі (левым флангам камандаваў Жыромскі, правым – Вязенія) прадпрынялі імклівае наступленне. Туман, які падняўся ад выпарэнняў балота, рэзка пагоршыў бачнасць. Цяжка было адрозніць нават прадметы. Рускае войска адразу ж выкарастала гэта і само перайшло ў наступленне. Нашчокін нанёс удар на фланг Жыромскага і прымусіў яго да ўцёкаў. На правым жа фланзе пасля ўзаемных гарматных і ружэйиых выстралаў праціўнікі з лютасцю кідаліся адзін на другога з пікамі. Але і тут палякі не змаглі стрымаць націск рускіх. На полі бітвы яны пакінулі звыш трох тысяч забітых, 17 вялікіх гармат, больш тысячы падвод з розным правіянтам.

Пры падтрымцы шырокіх мас беларускага народа к канцу 1655 года ад панскага панавання было вызвалена амаль уся Беларусь і большая частка Літвы.

Разгром Расіяй адборнага вой­ска Рэчы Паспалітай і барацьба народных мас супраць феадальна-прыгонніцкага прыгнёту заставілі частку шляхты і эксплуататарскай вярхушкі гарадскога насельніцтва змяніць свае ранейшыя пазіцыі. Каб захаваць свае ўладанні, атрымаць новыя падараванні,  яны пачалі пераходзіць у падданства да рускага цара. Рускі ўрад, які стараўся стварыць сабе класавую апору на занятай тэрыторыі, захаваў ранейшыя прывілеі паноў, шляхты, духавенства, гарадоў, якія перайшлі на яго бок. У шляхты засталіся маёнткі, ранейшыя ўлада. У асобных выпадках яна атрымала нават дазвол на арганізацыю атрадаў, якія павінны былі дзёйнічаць разам з рускім войскам. Але шляхта выкарыстоўвала гэтыя атрады толькі для барацьбы супраць сялян, якіх яна па-ранейшаму грабіла і разарала.

Як бачна, прыгонніцкія  адносіны на землях цяперашняга Плешчаніцкага раёна з прыходам рускага войска не былі знішчаны, а таму барацьба народных мас за вызваленне ад феадальна-прыгоніцкага прыгнёту не сунімалася. Летам 1657 года ў Ігумене (цяперашні горад Чэрвень Мінскай вобласці) паднялося пaўстанне сялян [і] казакаў, на чале якога стаў казацкі палкоўнік Дзяніс Мурашка. К 1658 году хва­ля гэтага паўстання захапіла і нашы землі. Сяляне змагаліся не толькі супраць паноў, але і суп­раць апалячаных беларускіх феадалаў. Яны грамілі панскія і шляхецкія маёнткі, знішчалі іх уладальнікаў, аддавалі пад агонь усе дакументы, што ўстанаўлялі прыгонную залежнасць, падаткі, павіннасці. У лясных масівах паўстаўшыя будавалі земляныя ўмацаванні, некаторыя з якіх за-хаваліся і да нашых дзён (адно – у адзінаццаці кіламетрах на поўдзень ад Плешчаніц, другое – недалёка ад  Прусавіч).

“У лясах іх  прыстанішчы, – паведамляў царскі ваявода, – мужыкі шышуюць” (г. зн. актыўна дзейнічаюць – А.А.).

У разгар паўстання Расія, якая заключыла перамір’е з Польшчай, вяла вайну са Швецыяй. Таму у царскіх ваяводаў было недастаткова сіл, каб аказваць дзейсную дапамогу шляхце. Так, у адной вёсцы ў тры гадзіны раніцы ка­закі ў колькасці двухсот чалавек разам з сялянамі абкружылі стральцоў у святліцы, «аблажылі яе саломаю і запалілі». Стральцы вырашылі з боем прарвацца. У выніку 8 з іх было забіта, многія паранены, а 9 прапалі без вестак. Па дакладу ваяводы Шарамецьева рускі цар прапанаваў мінскай  і плешчаніцкай шляхце аб’яднаць свае сілы для барацьбы з сялянскім рухам, пасля чаго яно і пацярпела паражэнне.

V

Параженне сялянскага паўстання пад Прусавічамі яскрава паказала, што яно было стыхійным. У паўстаушых не было канкрэтнай мэты,  плана барацьбы, яны былі дрэнна ўзброены. Сяляне, у якіх адсутнічала ясная класавая свядомасць, “змагаліся, як умелі і як маглі (У. І. Ленін. Т. V стар. 311).

Тым не менш барацьба сялян  за вызваленне ад прыгоннага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту польскіх паноў мела вялікае прагрэсіўнае значэнне. Яна расхіствала асновы панскага панавання, кавала ў народзе сілу і мужнасць, непрымірымасць да ворага, адданасць радзіме..

У 1667 .годзе ў сяле  Андрусава каля Мсціслаўля паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай было заключала перамір’е термі­нам на 13 з палавінай гадоў, па ўмовах якога землі цяперашняга Плешчаніцкага раёна засталіся пад уладай Рэчы Паспалітай.

Значная частка нашых зямель у выніку працяглых ваенных дзеянняў, карных экследыцый, разбою і грабяжоў была спустошана. Асобныя вёскі былі спале­ны або разбуравы. Моцна пацярпелі тады і Плешчаніцы. Усё гэта выклікала эміграцыю насельніцтва ў межы Рускай дзяржавы. Даныя аб наяўнасці інвентару ў маёнтках у другой палове XVII в. паказваюць іх глыбокае гасладарчае запусценне. Рэзка скарацілася агульная плошча апрацоўваемых зямель. Насельніцтва дайшло да жабрацтва. Паны ж павялічвалі свае землеўладанні за кошт сялянскіх зямель, узмацнялі феадальную эксплуатацыю.

У пачатку ХVІІІ в. Расія пачала барацьбу са Швецыяй за ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Польскія магнаты, якія разлічвалі вярнуць страчаную імі пасля вайны са Швецыяй у 1660 годзе тэрыторыю Лівоніі, выступілі ў гэтай барацъбе на баку Расіі. 45-тысячная армія Карла XII захапіла заходнюю частку Беларусі і пачала падрыхтоўку да далейшага наступлення, якое разгарнулася ў студзені 1708 года. Шведская армія на шляху свайго следвання забірала прадукты, фу­раж, жывёлу, грабіла насельніцтва, спусташала населеныя пунк­ты. «Дзе толькі праходзіў швед, там усюды пачынаўся голад», – пісалі сучаснікі. Меншыкаў паведамляў, што на нашай тэрыторыі шведы «катуюць, вешаюць і спальваюць мужыкоў (як раней ніколі не бывала), каб хлебныя ямы паказвалі. Прыцясненні ўбогіх людзей немагчыма апісаць». Рускае войска сустрэла ворага каля Барысава і не дало яму магчымасці фарсіраваць Беразіну.

Паны, якія трапілі пад уладу. шведскіх захопнікаў, хутка змянілі свае ранейшыя пазіцыі. Яны сталі аказваць Карлу XII усялякую падтрымку. Зусім іншымі да чужаземных захопнікаў былі адносіны народных мас. Сяляне нашы ненавідзелі захопнікаў. Пры набліжэнні арміі Карла ХІІ яны уцякалі ў лясы, забіралі з сабой хлеб і жывёлу, знішчалі фуражыраў і асобных салдат, якія ў пошуках прадуктах адлучаліся ад сваіх часцей. Нашы сяляне паведамлялі рускаму камандаванню аб перамяшчэнні шведаў.

На беларускай зямлі каля вёскі Лясной быў ушчэнт разгромлен корпус Левенгаўпта. Пакінуўшы на полі бою да 8 тысяч забітых і раненых, шведы ўцяклі.

Бітвы пад Палтавай (1709 г.), а затым пры Гангуце (1714 г.) і Грэнгаме (1720 г.) закончыліся бліскучымі перамогамі рускіх. У час Паўночнай вайны мацнелі сімпатыі народных мас сучаснага Плешчаніцкага раёна, як і ўсёй Беларусі, да  рускага народа – вызваліцеля нашых зямель ад шведскіх захопнікаў.

Галеча народных мас прадаўжала расці і ў XVIII стагоддзі.

Праваслаўныя царквы паўсюдна ператвараліся ва ўніяцкія, а беларусы,  што супраціўляліся уніі, цярпелі суровыя рэпрэсіі. У 1766 г. сеймам быў выдадзен закон, які аб’яўляў кожнага, хто выступідь у абарону іншавера, ворагам айчыны. Магнаты і шляхта імкнуліся апалячыць наш народ, узмоцнена перакладалі судовае і адміністрацыйнае справаводства на польскую мову. Дакументы дазвалялася пісаць толькі на польскай ці лацінскай мовах. Паны і каталіцкая царква стараліся знішчыць беларускую мову і культу­ру, марна імкнучыся папярэдзіць барацьбу народных мас за сваё вызваленне, за ўз’яднанне з брацкім рускім народам.

У студзені 1793 года адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі была далучана цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінск, Барысаў, Слуцк, у тым ліку і землі нашага раёна. У выніку трэцяга падзелу (1795 г.) Рэч Паспалітая перастала існаваць.

Уз’яднанне Беларусі з Расіяй ; з’явілася буйным паваротам у гістарычным лёсе нашага народа.

 Пасля шастісотгадовага гвалтоўнага адрыву ад вялікага рускага народа ён зноў уз’яднаўся з ім, у адзінай дзяржаве. Гістарычны акт уз’яднання Беларусіі з Расіяй адпавядаў кроўным інтарэсам  шырокіх мас беларускага народа, яго векавому імкненню ўз’яднацца з братнім яму па паходжанню, мове, культуры і гістарычным мінулым рускім народам. Хаця у тагачаснай Расіі і заставаліся  у недатыкальнасці самадзяржаўны лад і рэжым феадальнай эксплуатацыі, гераічны рускі народ, які развіваў найвялікшы рэвалюцыйны рух і ствараў перадавую культуру, ішоў на чале іншых народаў насустрач светламу будучаму. У барацьбе супраць царызма, паноў і капіталістаў расла і мацнела дружба нашага народа з вялікім рускім народам і іншымі народамі Расіі.

VI

 У 1812 годзе тэрыторыя Беларусі стала арэнай жорсткіх бітваў рускага войска з напалеолаўскімі арміямі. Імкнучыся здзейсніць свае летуценні аб сусветным панаванні, Напалеон у ноч на 12 чэрвеня вераломна без аб’яўлення вайны напаў на Расію. Напалеонаўскі маршал Даву з Вілоні кінуўся наперарэз другой рускай арміі ў напрамку Магілёва. Яго войска прайшло і праз землі цяперашняга нашага раёна. Францу­зы ішлі як захопнікі і злосныя ворагі нашага народа. Яшчэ пры пераправе праз Нёман Напалеон у спецыяльным загадзе да сваіх салдат заявіў, што армія «уступае ў непрыяцельскі край». Для напалеонаўскіх салдат і афіцэраў гэта паслужыла заклікам да нястрымнага грабяжу мірнага насельніцтва, які стаў сістэмай забеспячэння французскай арміі. Прышэльцы грабілі і разбуралі, нашы населеныя пункты, адбіралі ў сялян коней, жывёлу, прадукты. Салдаты з корпуса маршала Даву на працягу чатырох дзён з 8 па 12 ліпеня грабілі Плешчаніцы і іншыя населеныя пункты. Французы бясчынствавалі, спусташалі ўсё кругом. Мясцовыя польскія паны па-халопску рабалепствавалі перад французскім імператарам, дапамагалі захопнікам.

Але ні армія інтэрвентаў, ні яе халопы і прыслужнікі – польскія паны – ніякімі расправамі не маглі прымусінь наш народ да пакорнасці. Сяляне падняліся на барацьбу супраць чужаземных захопнікаў. З набліжэннем напалеонаўскага войска насельніцтва пакідала дамы, забірала маёмасць і цэлымі вёскамі ішло ў глухія лясы. Барацьба сялян усё разгаралася, ператвараючыся ў народ­ную вайну супраць захопнікаў і іх памагатых польскіх паноў.

Французскія ўлады прымалі тэрміновыя меры да падаўлення хваляванняў сялян. У Барысаўскім уездзе, у які ўваходзілі і землі цяперашняга Пленічаніцкага раёна, быў назначай спецыяльны плац-камендант, які меў ваенную ахову. Для ўсмірэння сялян былі створаны жандармскія каманды з польскай шляхты. Але ніякія рэпрэсіі не маглі суняць народнай барацьбы.

У жніўні 1812 года амаль паўсюдна ўжо актыўна дзейнічалі ўзброеныя сялянскія атрады.

Пасля таго, як нашы землі засталіся ў глыбокім тыле, партызанская барацьба супраць акупантаў прыняла асабліва шырокі размах. Партызанскія атрады рабілі напа­ды на варожых салдат, фуражыраў, знішчалі прадуктовыя скла­ды, наносілі ўдары па камунікацыях ворага. Восенню гэтага ж года вучань і паплечнік А. В. Суворава М. I. Кутузаў пачаў ажыццяўляць контрнаступленне рускай арміі. Насельніцтва Беларусі сваім вызваліцелям аказзала вялікую дапамогу. Завяршаючы ўдар па ворагу рускае войска нанесла на тэрыторыі, што з паўднёвага ўсходу прымыкае да зямель цяперашняга нашага раёна. З 14 па 17 лістапада ля вёскі Студзенка Напалеон рабіў пераправу астаткаў сваёй арміі праз Беразіну. Рускае войска пад камандваннем генерала Вітгеншчайна і адмірала Чычагова, якое з двух бакоў падыйшло да месца пераправы, адкрыла ураганны агонь па ворагу. Ахопленыя панікай, натоўпы французаў рынуліся на масты, якія асыпаліся ядрамі рускіх гармат. З тылу іх цяснілі казакі генерала Платава. Адзін з мастоў пад цяжарам вялікай колькасці варожых салдат  абваліўся, і ўсе хто быў на ім, загінулі ў водах Беразіны. Другі ж мост па загаду Напалеона французы  спалілі, каб перашкодзіць пераправе рускіх.

Дальнебачнасць Кутузава была паражальнай. Яшчэ 23 кастрычніка, калі французы знаходзіліся ў Вязьме, Кутузаў. у пісьме адміралу Чычагову ўказваў, што непрыяцель трымае шлях на Вільню праз Барысаў, Зембін, Плешчаніцы і Вялейку. Фельдмаршал прапаноўваў неадкладна заняць дэфіле на плешчаніцкіх землях паблізу Зембіна, «у якой выгадна ўтрымаць можна на многа пераўзыходзячага праціўніка». Своечасова быў аб гэтым паведамлен і генерал Вітгенштэйн.

Аднак, Чычагоў і Вітгенштэйн аказаліся ненадзейнымі выканаўцамі дальнябачных прадпісанняў галоўнакамандуючага. Ведаючы аб няпрыязнасці да яго імператара Аляксандра, яны слушныя па­рады Кутузава пускалі міма вушэй, лічылі за лепшае мець зносіны з самім царом, які даваў блытаныя і неразумныя ўказанні. Калі войска Чычагова і Вітгэнштэйна падыйшло да Студзенкі, Напалеон са старой гвардыяй пасля начоўкі ў вёсцы Камена …

Але ўсей варожай арміі пераправіцца на другі бок Бярозы так і не ўдалося. У Бярэзіне і на яе берагах знайшлі сабе магілу больш 20 тысяч захопнікаў. Спешна адступаўшыя астаткі французскага войска пакінулі нямала магільных курганоў на землях цяперашняга нашага раёна.

Толькі ў выніку нерашучасці Чычагова і Вітгенштэйна Напалеон здолеў пазбегнуць палону.

Нашы землі, як і ўся Беларусь былі поўнасцю вызвалены ад захопнікаў. Сваім вызваленнем народ абязан гераічнай барацьбе вялікага рускага народа арміі, якой кіраваў геніяльны палкаводзец М.І. Кутузаў.

Вайна 1812 года з’явілася гістарычным этапам ўмацаванню брацкіх сувязей беларускага народа з вялікім рускім народам.

Нашэсце напалеонаўскага вой­ска цяжка адбілася на гаспадарчым жыцці і Плешчаніцкай воласці. Насельніцтва было аграблена і разорана акупантамі, частка яго загінула ад нястач і эпідэмічных захворванняў. У выніку колькасць насельніцтва Плешчаніцкай воласці скарацілася на 25 працэнтаў.

На працягу   ўсяго   дарэвалюцыйнага перыяду Плешчаніцкая воласць была  адсталым глухім кутком Мінскай  губерні.    Праведзеная ў 1861 годзе рэформа ніколькі не палегчыла   становішча сялян. Вольш   дзесятка   буйных памешчыкаў   (Свянціцкі,   Жамброўскі, Паўлюс, Мазуркевіч, Ясінскі, Тышкевіч, Славінскі і другія) жорстка    эксплуатавалі      сялян. Цягнулі з іх сок і папы, ксяндзы. З 125 тысяч гектараў зямельных угоддзяў воласці 100 тысяч, былі ў руках   памешчыкаў і духавенства. Вось   якім   змрочным,   як апісвае вядомы беларускі пісьменнік Змітрок   Бядуля,   ураджэнец вёскі Пасадзец, быў лёс селяніна:

 

Хоць ты разарвіся —

Не ідзе рукой.

Прырасла нядоля

Хвойнаю смалой.

Дзень за днём мінае,

Маю шмат турбот.

На абшарах панскіх

Лью салены пот.

 

На кожную сялянскую сям’ю ў Плешчаніцкай воласці   прыходзілася не больш двух-трох гектараў зямлі, ды і то самай горшай. У лесе ж пасвіць жывёлу, збіраць грыбы, ягады селянін мог толькі з дазволу памешчыка за вызначаную плату.

Царскі урад не турбаваўся аб ахове здароўя народа. Два фельчарскія пункты з адным фельчарам на ўвесь раён з насельніцтвам каля 20 тысяч жыхароў – вось што характарызавала стан медыцынскага абслугоўвання. Аб вялікай смяротнасці сярод сялян паведамляла газета «Мінскае сло­ва» за №1538: «У Каменскім прыходзе за першыя два месяцы гэтага года смяротнасць у адносінах да нараджаемасці насельніцтва склала 100 працэнтаў і прырост насельніцтва ў прыходзе за 2 месяцы выразіўся лічбай «0». Сакавік у гэтых адносінах даў яшчэ менш суцяшальны вынік. На 10 чалавек, што нарадзіліся ў сакавіку, па Каменскаму прыходу памёршых налічваецца 11 чала­век. Прыходзіцца гаварыць ужо не аб прыросце насельніцтва, а яго змяншэнні. У прыходзе няма нават земскага фельчарскага пункта».

На тэрыторыі Плешчаніцкай воласці было ўсяго 10 народных вучылішчаў і царкоўна-прыходскіх школ, у якіх навучалася па 30-50 дзяцей. У воласці працавала ўсяго толькі 20 настаўнікаў. Настаўнікам дазвадялася біць дзяцей, пакідаць іх без полудня, ставіць на калені і г. д. Родная беларуская мова ў школах не выкладалася.

Ва ўсёй воласці амаль не было ніякіх прамысловых прадпрыемстваў. У многіх вёсках жылі здольныя рамеснікі, якіх бязлітасна эксплуатавалі ў сваіх маёнтках памешчыкі.

У другой палове 1905 года ў Плешчаніцкай воласці насельніцтва пачало барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Аб гэтым сведчаць рад дакументаў, якія захаваліся. У даносе мінскага губернатара міністру ўнутраных спраў ад 24 жніўня 1905 года гаворыцца: «У маёнтку Завішына сяляне не падпарадкаваліся паліцыі пры прывядзенні ў выкананне судовых рашэнняў мясцовага земскага начальніка аб адбіранні скошанага імі сена з захопленага самачынна участка памешчыка. Спраўнік пасля беспаспяховых угавораў загадаў эканамічным рабочым забраць сена, але натоўп аказаў супраціўленне, прагнаўшы рабо­чых і наносячы пабоі служачым памешчыка; частка незаконна скошанага сена была імі павезена. На месца беспарадкаў быў выклікан эскадрон драгунаў з горада Барысава...» У даносе ад 1 снежня 1905 года расказваецца аб тым, што на тэрыторыі Барысаўскага уезда і нашай воласці забаставалі служачыя паштова-тэлеграфных устаноў «спыніўшы рэгулярны рух пошты і зносіны з Барысавам, як і з усімі астатнімі уездамі». З прычыны выступлен­ия народных мас улады вымушаны былі «прымаць асаблівыя ме­ры і выклікаць войска з мясцова­га гарнізона, які складаецца ўсяго толькі з 3 эскадронаў драгунаў. 14 лістапада мясцовы спраўнік Часнакоў вымушан быў накіравацца з эскадронам для спынення самавольных парубак у маёнтку памешчыка Іванова. 15 лістапада ўспыхнуў аграрны рух у маёнтку графа Іосіфа Тышкевіча, у якім прынялі ўдзел сяляне навакольных вёсак. 25 лістапада спраўнік з земскім начальнікам з паўэскадронам выехалі ў маёнтак Ганцавічы». У канцы даносу на імя ўпраўляючага міністэрствам унутраных спраў аб рэвалюныйным руху губернатар настойліва просіць аб узмацненні ваеннага гарнізону, які быў ужо не у сілах стрымліваць народнае хваляванне.

Нашы сяляне прымянялі розныя формы ў барацьбе з прыгнётам памешчыкаў. Аб адной з іх мы даведваемся з рапарту уезднага спраўніка мінскаму губернатару: «Па прадстаўляемаму пры гэ­тым паведамленню земскага на­чальніка другога участка, я учо­ра накіраваўся ў маёнтак Зарэчча і прапанаваў каморніку пачаць работы у маёй прысутнасці, але да месца работы хутка сабраўся натоўп галоўным чынам з жанчын і дзяцей у колькасці больш 300 душ; усе яны з плачам і лямантам ляглі ўдоўж граніцы, па якой павінны былі праводзіцца мяжовыя работы, і падняць іх не прадстаўлялася ніякай магчымасці, так, як паднятыя з аднаго месца зараз жа клаліся на другое...»

Вялікі Кастрычнік прынёс вызваленне нашаму народу. Гэтая свабода была заваявана крывёю працоўных.

У рэвалюцыйных падзеях 1917 года, ва ўстанаўленні савецкай улады ў раёне, у калектывізацыі вёскі ўдзельнічалі многія нашы землякі. Адным з такіх з’яўляецца пенсіянер Палікарп Фаміч Голуб, член КПСС з 1917 года. Будучы салдатам старой арміі, ён у 1917 годзе прымаў актыўны ўдзел у бальшавіцкай агітацыі сярод асабовага складу 35-й брыгады першага Сібірскага корпуса 10-й Арміі, а таксама сярод сялян Барысаўскага павету. Напярэдадні рэвалюцыі ён з’яўляўся камандзірам чырвонагвардзейскай дружыны, на чале якой удзельнічаў у штурме Зімняга Палацу ў Петраградзе.

Разгарнулі плечы працоўныя раёна пасля рэвалюцыі, і свабодная праца людзей змяніла аблічча роднага краю.

У г. п. Плешчаніцы ў 1920 го­дзе на землях маёнтка графіні Тышкевіч была арганізавана сельскагаспадарчая камуна. На былых памешчыцкіх землях былі арганізаваны таксама саўгасы «Пятроліна», «Войкава» і іншыя. Першы калгас арганізаван быў у вёсцы Станавішча – калгас імя Леніна. Да пачатку Айчыниай вайны ў раёне было 99 калгасаў, якія мелі 95474 гектары зямлі.

Зараз у раёне маецца 12 узбуйненых калгасаў і 2 саўгасы. У раёне працуюць звыш 70 спецыялістаў сельскай гаспадаркі з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй. За 1959 год у развіцці сельскай гаспадаркі раёна дасягнуты значныя поспехі. Калгасы раёна атрымалі у сярэднім на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў па 115 цэнтнераў малака і надаілі ад кожнай каровы па 1692 кілаграмы малака. Вялікіх nocпexaў у развіцці жывёлагадоўлі дасягнулі калгасы «Шлях Леніна», імя Варашылава, імя Фрунзе і іншыя.

За пасляваенныя гады у раёне адноўлены або ўноў пабудаваны прамкамбінат, цагельны завод, маслазавод, арцель імя Дзяржынскага, леспрамгас, хімлесгас. Заканчваецца будаўніцтва торфапрадпрыемства «Чысцік».

Расце і культура раёна. Цяпер у нас працуе больш 75 школ. З іх – 7 сярэдніх, 14 сямігадовых, 47 пачатковых, школа-інтэрнат, рад вячэрніх школ. Колькасцъ навучэнцаў складае больш 4 тысяч.

Значна расшырылася і сетка медыцынскіх устаноў. У раёне працуе 5 бальніц, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, санэпідстанцыя, дзіцячыя яслі, два дзіцячыя сады і іншыя медыцынскія установы.

Цяпер у нас ёсць 108 бібліятэк, у якіх налічваецца звыш 120 ты­сяч экземпляраў кніг.

 

 

Аўтар: Альгерд Арцюшэўскі, 1960 год
Крыніца: газэта “Ленінец”, 1960, май