Плешчаніцы. Назвы зямлі Лагойскай.

Вядомы тапаніміст В. А. Жукевіч выказвае меркаванне, што назва ўтворана ад дыялектнага слова плешчаніца – невялікая сажал­ка, у якой мылі бялізну, плавалі качкі, гусі і г. д.

Другая ж версія звязана з іменем вялікай асветніцы Ефрасінні Полацкай. На прыканцы свайго жыцця яна пешшу адправілася разам са сваімі сёстрамі Гардзiславай i Звеніславай у святы горад Іерусалім. Дарога іх пралягала i праз Лагойшчыну. Аднойчы прыселі яны адпачыць каля прыгожай, чыстай рэчкі, што працякала каля невялікага паселішча. Да паломнікаў падыходзілі мясцовыя людзі, падносілі хлеб-соль.У час таго адпачынку Ефрасіння і яе сёстры абмылі ў рачной вадзе свае накідкі – плашчаніцы, адзначыўшы пры гэтым, што вада ў ёй свет­лая і празрыстая, нібы ў по­лацкай Дзвіне. 3 таго часу, кажуць, паселішча, дзе адпачывала Ефрасіння са сваімі спадарожніцамі, пачалі называць Плешчаніцамi, а рэчку тутэйшую – Дзвінасой.

 А яшчэ існуе сумнае падан­не пра тое, як аднойчы сустрэліся дзяўчына-прыгажуня Юлька і малады паніч Мсціслаў каля лясной крынічкі і пакахалі адзін аднаго. Юлька жыла ў невялікай вёсачцы непадалёку ад крыніцы, а Мсціслаў быў прысланы ў гэтыя мясціны багатым князем, каб нагледзець добрае месца для будучага паселішча. Праз некаторы час папрасіў юнак  у бацькоў Юлькі яе рукі, на што тыя далі згоду. Было вырашана згуляць вяселле тады, калі прывядзе Мсціслаў княжацкіх дружыннікаў ды людзей майстравых новае паселішча будаваць. Але лёс распарадзіўся па-свойму. Жанiх быў смяротна па-ранены стралою, пасланаю

ліхімі людзьмі, і пахаваны па яго просьбе каля крынічкі, пад дубам, там, дзе першы раз напаткаў сваю каханую. Ад такога гора налажыла на сябе рукі Юлька. Пахавалі яе побач з каханым.

       Маці дзяўчыны пракляла святую крынічку за тое, што менавіта яна бачыла пер­шую сустрэчу маладых, была сведкай іх кахання:

– Ой, каб жа пляскалася, не заціхала! Ой, каб жа ты сабе дарожкi роўнай не зна­ла! Ой, каб жа ты назаўсёды плешчаніцай стала! Якое гора ты нам прынесла!

       З таго часу новае паселішча, якое ўзвялі прыведзеныя Мсцiславам людзі, назвалi Плешчанiцамi.

 

I. Лабецкая
Крыніца: Раённая газэта “Родны Край” за 17 жніўня 2002 года