Згодна тапанімічнага слоўніка Беларусі, назва Плешчаніцы ўтворара ад дыялектных тэрмінаў “плешчана”, “плешчаніца” – невялікая сажалка, вадаём, прыгодны для гаспадарчага выкарыстання.

Як сведчаць гістарычныя матэрыялы, што захоўваюцца ў архівах Вільнюса, Плешчаніцы узніклі ў 11-12 стагоддзях як невялікі апорны пункт, што звязваў Русь з Прыбалтыкай, на скрыжаванні дарог Смаленск-Вілейка-Вільнюс, Мінск-Полацк. Больш падрабязныя звесткі аб Плешчаніцах знаходзім у дакументах , што адносяцца да 1517 года. У той час войскі крымска-татарскай арды пракаціліся па землях Міншчыны, спусташаючы ўсё на сваім шляху. Тагачасны летапіс гаворыць, што на ўзвышшы, якое знаходзіцца на поўдзень ад Плешчаніц, стаяў замак адной з дачок князя Тышкевіча. 3 тых часоў і да 1917 года Плешчаніцы і прылеглыя да пасёлка землі былі ўладаннямі дынастыі Тышкевічаў.

У дарэвалюцыйны час у Плешчаніцах была адна царкоўна-прыхадская школа на 40 чалавек, два пастаялыя двары, царква, сінагога ды вінакурня. Рамеснікі займаліся вырабам аўчын, выраблялі калёсную мазь, гліняны посуд, драўляныя цвікі.

Водгулле Вялікага Кастрычніка дакацілася да глухога мястэчка, абудзіла яго да новага жыцця. Актыўны удзел ва ўстанаўленні Савецкай улады ў тутыйшых мясцінах прымалі ўдзельнікі штурму Зімняга Палікарп Фаміч Голуб і Ігнат Адамавіч Мігунька.

У 1920 годдзе ў былым маёнтку графіні Соф’і Тышкевіч была створана камуна, якую узначалілі браты Акулічы і Данілюк. Мелася ў камуне 11 гектараў ворнай зямлі, 9 коней, 17 кароў. Тады ж пачала функцыяніраваць сямігадовая школа. Праз тры гады быў створаны крухмальны завод, дзе было занята 17 чалавек.

У 1924 годдзе Плешчаніцы сталі раённым центрам. Першым сакратаром райкома партыі быў Каўзановіч, старшынёй райвыканкома – Шульман. 3 утварэннем раёна была арганізавана раённая бальніца, дзе мелася на першым часе 25 ложкаў. Першымі урачамі тут былі Скалатан, Сімановіч, Рапапорт. Дапамагаў ім ў работе ўрач пагранатрада Паўлюк.

У 1928 годдзе ў Плешчаніцах ствараецца леспрамгас. Напачатку гэта было сезоннае прадпрыемства , лесараспрацоўкі вяліся толькі ў зімовы час. Вывазка драўніны на сплаў праводзілася з дапамогай коней. Механізацыі не было ніякай , асноўнымі прыладамі працы былі звьшайныя пілы і тапары. Толькі ў канцы 1935 года леспрамгас атрымаў дзве аўтамашыны ГАЗ-АА, а праз год – тры аўтамашыны ЗІС-5. Першымі шафёрамі тут працавалі Валерый Іосіфавіч Вярбіцкі і Марк Сямёнавіч Камінскі.

3 пачаткам калектывізацыі ў 1931 годдзе ў пасёлку было арганізавана машынна-трактарная станцыя. У распараджэнні МТС мелася 3 трактары, адна аўтамашына, дзве сеялкі ды чатыры плугі.

Былая сямігодка стала сярэдняй школай у 1934 годдзе. Займалася ў ёй 172 вучні. Дырэктарам школы быў прызначаны Браніслаў Іванавіч Барэйка.

Насельніцтва Плешчаніц у 1939 годдзе налічвала 3669 чалавек. У тым жа годдзе мясцовы Савет пачаў называцца гарпасялковым.

Паступова расшыраецца медыцынская служба пасёлка. За год да вайны ў бальніцы было ўжо 75 месц, працавала 9 урачоў і 35 работнікаў сярэдняга медперсаналу. Слаўнымі патрыётамі праявілі сябе медыцынскія работнікі К.І. Руцевіч, Ф.Я. Курылёнак, Н.С. Левін, І.І. Калінін.

У пасляваены час Плешчніцкая бальніца расшырылася да 185 ложкаў. Яна стала цэнтрам аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі для жыхароў гарадскога пасёлка і акаляючых вёсак. У 1977 годдзе ўступіў у строй новы корпус дзіцячага аддзялення. Абсталявана новая лабараторыя, зубапратэзная лабараторыя, рэнтгенакабінет. У паліклініцы дзейнічаюць два тэрапеўтычныя кабінеты, кабінет даўрачэбнай дапамогі і іншыя, дзейнічаюць два пасты хуткай дапамогі, дыспетчарская служба.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў былым Плешчаніцкім раёне дзейнічала каля ста дробных калгасаў. Усе яны былі разрабаваны акупантамі. За перыяд акупацыі фашысты расстралялі 3172 чалавека, спалілі жывымі 1184 чалавека, у фашысцкае рабства было вывезена 2789 жыхароў раёна.

Дзень вызвалення Плешчаніц ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – 1 ліпеня 1944 года. Пачаўся перыяд аднаўлення разбуранай ворагам народнай гаспадаркі, адраджэння жыцця на руінах і папялішчах.

У той час, восенню 1944 года, у Плешчаніцах былі адкрыты два дзіцячыя дамы для дзяцей, бацькі якіх загінулі на вайне. Дырэктарам спецдзетдома №1 быў Н.Р. Зіновіч, дзетдома №2 – У.П. Адамовіч. Была адноўлена работа сярэдняй школы.

У вервсні 1944 года быў створаны аддзел рабочага забеспячыння, задачай якога стала абслугоўванне рабочых леспрамгаса, пазней торфапрадпрыемства “Чысцік”, торфабрыкетнага завода “Ганцавічы”, Бягомльскага хімлясгаса, Лагойскага лясгаса.

Некалькі слоў з гісторыі торфапрадпрыемства “Чысцік”. Будаўніцтва яго пачалося ў 1957 годдзе на базе суседняга з Плешчаніцамі тарфянога масіва з мэтай забеспячыння палівам Смалявіцкай ДРЭС. Дастаўка торфу ажыццяўлялася па вузкакалейцы на адлегласць у 75 кіламетраў. Пазней прадпрыемства пачало зніжаць здабычу торфу і пачало асвойваць вытворчасць пластмасавых вырабаў.

З 1961 года ў Плешчаніцах дзейнічае аўтабаза №12. Транспартнікі выконваюць вялікі аб’ём работ, звязаных з перавозкай грузаў прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак, абслугоўваннем пасажыраў.

У ліку прамысловвых прадпрыемстваў, якія дзейнічалі у гарадскім пасёлку – перасоўная механізаваная калона райаграпрамтэхнікі. Яе работнікі заняты механізацыяй жывёлагадоўчых ферм, мантажом абсталявання збожжатакоў, зернескладаў, агрэгатаў для прыгатавання вітаміннай мукі.

У г.п. Плешчаніцы цяпер дзейнічаюць дзве сярэднія школы, школа-інтэрнат, музычная школа, філіял дзіцячай спартыўнай школы, выхаванцы якой пастаянна вызначаюцца на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Сярод жыхароў пасёлка нямала ветэранаў вайны і працы, якія вызначыліся у сацыялістычным будаўніцтве, у барацьбе за ўладу Саветаў, у аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі. Гэта І.П. Вярбіцкі, А.Б. Жук, П.А. Яноўскі, В.І. Зяленка, М.М. Талстой, Л.І. Шапяткоўскі, У.Ц. Шыпёнак, В.І. Парфяновіч, М.А. Лашкевіч і многія іншыя. Ганаровым грамадзянінам Плешчаніц з’яўляецца актыўны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза А.М. Меркушаў.

Працаўнікі пасёлка на розных вытворчых участках сваёй нястомнай працай памнажаюць грамадскі здабытак, спрыяюць выкананню планаў і заданняў пяцігодкі.

 

Аўтар: М. Пучок
Крыніца: Ленінскі сцяг, 4 снежня 1988