П Л Е Ш ЧА Н І Ц Ы
(гістарычная даведка)

Плешчаніцы, гарадскі пасёлак, вядомы з 16 стагоддзя, як вёска  ў Мінскім павеце Вялікага княства Літоўскага. У руска-польскую вайну  1654-1657 гг. у ваколіцах Плешчаніц руйнаваў шляхецкія маёнткі атрад беларускіх сялян Дзяніса Мурашкі. З 1793 г. у складзе Расійскай Імперыі, мястэчка (50 дамоў), цэнтр воласці ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У Айчынную вайну 1812 г. пры адступленні французскай арміі рускі атрад генерала Чапліна каля Плешчаніц 19 лістапада разбіў авангард 9-га французскага корпуса Віктора, захапіў 6 гармат і  больш за 1400 палонных.        

Мястэчка належыла графам Тышкевічам, што пабудавалі (1817 г.) тут царкву, стварылі прыгонны тэатр, які дзейнічаў у 1825-35 гг. і быў шырока вядомы. Жыхары мястэчка займаліся дробным гандлем, вырабам драўлянага посуду, цвікоў, лыжак і інш. Тут былі школа, сінагога, вінакурны завод, 5 крам, 2 піцейныя двары, кожны аўторак працаваў рынак, 2 разы на год адбываліся кірмашы. У 1882 г.  заснавана фабрыка шавецкіх капылоў, у 1895 г.  на ёй устаноўлена паравая машына (106 рабочых), пазней пачала працаваць фабрыка шавецкіх гваздоў (38 рабочых у 1904 г).

Паводле перапісу 1897 г., у Плешчаніцах 1086 жыхароў, дзейнічалі паштова-тэлефоннае аддзяленне, аднакласнае народнае вучылішча.

Савецкая улада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У гады грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцы ў ваколіцах Плешчаніц супраць германскіх (1918 г.) і польскіх (І919-20 гг.) акупантаў змагаліся партызанскія атрады. З 17.07.1924 г.  паселак, цэнтр раёна ў Барысаўскай, з 1927-30 гг. – у Мінскай акругах. У 1930 годзе ў Плешчаніцах 1740 жыхароў. Працавалі з 1929 г. электрастанцыя, млын, лесапільня і сукнавальня, у 1930 г. арцель па вырабу гонты, з 1933 г. МТС, арцель па здабычы жывіцы (80 рабочых). Выдавалася раённая газета “Барацьбіт за калектывізацыю”  (з 1938 г. “Ленінец”). З 27.09.1938 г. Плешчаніцы – гарадскі пасёлак у Мінскай вобласці.  У 1939 г.  – 3700 жыхароў. Дзейнічалі крухмальны і  тарфяны заводы.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 г. да 30.06.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Барацьбу насельніцтва з ворагам узначальвалі падпольныя райкомы, якія базіраваліся ў пар­тызанскай брыгадзе “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага. Выходзіла падпольная раённая газета “Ленінец”. У Плешчаніцах з 18.08.1941 г. да 5.11.1942 г. дзейнічала падпольная    камсамольская   арганізацыя (23 чалавекі) на чале з П.І. Адамовічам, якая з вясны 1942 г. трымала сувязь з партызанскім атрадам “Барацьба”. З жніўня І942 г. работу арганізацыі накіроўваў Барысаўскі падпольны міжрайком камсамола. I падпольшчыкі вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы і медыкаменты, паперу, звесткі пра варожы гарнізон, накіравалі на службу ў паліцыю і ўправу некалькі членаў арганізацыіі, праз якіх мелі звесткі аб планах ворага. У ліпені 1942 г. падпольшчыкі арганізавалі ўцёкі вязняў з канцлагера, у лістападзе 1942 г. замініравалі будынак жандармерыі, падпалілі ўправу. Разам з партызанамі падарвалі лесапільню, што вырабляла чыгуначныя шпалы. Пасля гэтых дыверсій большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны. Летам 1943 г. атрад “Мсцівец” партызанскай брыгады “Народныя мсціўцы” правеў аперацыю “Фінансіст”, у выніку якой з Плешчаніцкага банка з дапамогай касіра У.П. Багуцкага былі ўзяты 224 тысячы [нямецкіх] марак. Пасля гатага акупанты 3 месяцы не выдавалі зарплату паліцэйскім.

   17.08.194З г. партызанская брыгада “Народныя мсціўцы” разграміла Плешчаніцкі гарнізон. Былі знішчаны дзоты, будынкі паліцэйскай i раённай упраў, жандармерыі, банка, гаража, склада з гаручымі прыпасамі, прадуктамі, амуніцыяй  і інш.

Плешчаніцы вызвалены воінамі  35-й гвардзейскай танкавай брыгады пад камандваннем генерал-маёра А.А. Асланава ва ўзаемадзеянні з партызанамі брыгад “Народная мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага і імя   М.І. Калініна.

У Вялікую Айчынную вайну пасёлак быў разбураны. У 1947 г.  Маскоўскімі планіровачнымі майстэрнямі распрацаваны генеральны план адбудовы. Аднак пасляваенныя ўмовы не спрыялі поўнай рэалізацыі генплана. У 1969 г. Інстытут “Белдзяржпраект" распрацаваў новы генеральны план забудовы пасёлка з перспектывай да 2000 года.

Цэнтр сучаснага пасёлка фарміруецца на скрыжаванні вуліц
Леніна і Вароўскага. Тут размешчаны адміністратыўныя і грамадскія
будынкі. Комплекс устаноў грамадскага і бытавога абслугоўвання. У
гэтым жа раёне знаходзіцца культурна-асветная ўстанова і дзіцячая
бібліятэка. Зона індывідуальнай сядзібнай забудовы ўздоўж вуліц Чырвонаармейскай і Дзяржынскага, у паўднёвай частцы вул. Вароўскага, Алімпійскай, Лугавой і інш. Па вуліцах Савецкай, Гастэла, Прамысловай – мікрараён з 2,3-5 павярховай жылой забудовай. Паміж вул. Леніна і ракой Малкай размешчаны спартыўны комплекс: стадыён, спартыўныя залы,  басейны.

Асноўныя прамысловыя зоны сканцэнтраваны ва усходняй і заходняй  частках паселка. Дзейнічаюць: комплекс прадпрыемстваў па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны і драўніны, сталярны цэх Лагойскага дрэваапрацоўчага аб’яднання, участак мінскага малочнага камбіната, хлебазавод, крухмальны завод, лесанарыхтоўчае вытврчае аб’яднанне. Непадалеку ад пасёлка размешчаны асфальта-бетонны завод.

Прадуюдь 3 сярэднія школы, у тым ліку школа алімпійскага рэзерву, музычная і спартыўная школы, ПТВ-180, Дом дзіцячай творчасці, 3 дашкольныя ўстановы, 2 масавыя бібліятэкі, 2 Дамы культуры, бальніца, паліклініка. На ўскраіне Плешчаніц  размешчана  Геафізічная абсерваторыя Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі.

Зона адпачынку – на берагах Плешчаніцкага вадасховішча, пойма ракі Малка. У зону уключаны вялікі лесапарк вакол вадасховішча.

Цяпер у Плешчаніцах 45 вуліц, 32 завулкі і 15 новых, якія забудоўваюцца.

 

Крыніца: Гістарычная даведка з філіяла Дзяржаўнага архіва БССР ад 29.02.1969 г.

 

Дадатак. Аб крыніцы матэрыяла і аб падрабязнасцях яе устанаўлення

Гэты матэрыял быў узяты у Плешчаніцкай гарадской пасялковай бібліятэцы. Ён захоўваецца на чатырох лістах, на якіх тэкст надрукаваны на друкавальнай машынцы і па выгляду папер – вельмі даўно. А таму якасць тэксту дрэнная, часам доўга трэба ўглядацца ў яго, каб прачытаць. Таму тэкст прыйшлося перанабіраць амаль уручную.

 Але самае галоўнае, што ў канцы тэкста на гэтых чатырох лістах не стаіць крыніца яго паходжання. У нашым жа перанабраным  тэксце яна ўжо ёсць.

Крыніцу ўдалося устанавіць па матэрыяле краязнаўца, які падпісваўся крыптонімам М.П., дзе на гэту даведку ёсць спасылка. Гэты матэрыял пад назвай “Краткий исторический очерк г.п. Плещеницы” (на рускай мове)  таксама захоўваецца ў Плешчаніцкай гарадской пасялковай бібліятэцы і таксама не падпісаны (ёсць версія ад рукі, а ёсць і друкаваная на друкарке). Бібліятэкарка Аліна Іванаўна Шкрэд не памятае дакладна, але ёй здаецца, што гэты матэрыял належаў краязнаўцу, пачэснаму грамадзяніну г.п. Плешчаніцы –  Пятру Альфонсавічу Яноўскаму (21.06.1910-1999). Праўда не зразумела, чаму тады аўтар матэрыялу, сваёй рукой у адным месцы пазначыў сябе крыптонімам – М.П.

У гэтым матэрыяле, праўда, гэта крыніца пазначана на рускай мове і называецца так: “Справка из филиала Государственного архива БССР г. Борисов от 29.02.1969 года”. Але, увесь матэрыял гэтага краязнаўца прыведзены на рускай мове, нават назвы газет, якія выдаваліся на беларускай мове, ён перакладаў у сваіх запісах на рускую мову. Таму, натуральна, прадбачыць, што і назву гэтай даведкі ён пераклаў і назваў яе “справка”. На самой жа даведцы стаіць назва “гістарычная даведка”.

Далей супадае тое, што ў даведцы дадзеныя скончваюцца як раз 1969-м годам, але на саміх захаваўшыхся лістках даты не захавалася (магчыма, частка лісткоў згублена), але ў спасылцы М.П. пазначае, што гэта “справка” ад 1969 года і што яе падрыхтавалі ў Дзяржаўным архіве БССР і канкрэтна ў яго філіяле ў Барысаве.

Ну і нарэшце, на тое што гэта сапраўды матэрыял з архіву, і што яго падрыхтаваў нейкі архіўны супрацоўнік, а не нейкі мясцовы краязнавец, сведчыць яго стыль – сухі, статыстычны, факталагічны, амаль зусім не заідэілагізаваны. Мая версія такая, што ў 1969 годзе па запыту з Плешчаніц альбо з Лагойску да нейкай падзеі, можа да 45-ці годдзя з дня ўтварэння Лагойскага раёна, Дзяржаўны архіў БССР і канкрэтна яго філіял у Барысаве атрымаў заданне зрабіць кароткую гістарычную даведку пра г.п. Плешчаніцы, што і было зроблена. І гэту даведку мы сёння бачым перад сабой дзякуючы акуратнай працы нашых плешчаніцкіх бібліятэкарак.

Акрамя таго, па афармленню гэтай даведкі бачна, што яна надрукавана на друкавальнай машынцы і з’яўляецца арыгіналам (маецца на ўвазе, што гэтую копію ніхто пазней не перанабіраў) і гэта яшчэ раз сведчыць пра яе архіўнае паходжанне, бо мала верагодна, што нейкі мясцовы краязнавец у савецкі час у Плешчаніцах меў дома друкавальную машынку (не набываў жа ён яе спецыяльна, каб надрукаваць гэтыя тры с паловай старонкі, а калі ён і яшчэ што-небудзь пісаў, то дзе ж тады яго творы? Акрамя таго, у савецкі час друкавальную машынку трэба было рэгістраваць у ворганах улады і пра гэты факт было б вядома).

Так што ўсё паказвае на тое, што гэта тая самая “Справка из филиала Государственного архива БССР г. Борисов от 29.02.1969 года”, на якую спасылаецца пакойны краязнавец М.П. і які дарэчы сваёй жа рукой пазначаў, што гэтая “справка” захоўваецца ў гарадской бібліятэцы.

На прыканцы хочыцца падзякаваць руплівым бібліятэкаркам, якія старанна захавалі гэты дакумент, хоць і не захавалі памяць аб яго паходжанні. Але для гэтага і ёсць даследчыкі-краязнаўцы, каб узнаўляць гэту памяць. Гэтая гістарычная даведка, безумоўна заслугоўвае таго, каб стаць экспанатам у будучым краязнаўча-гістарычным музеі г.п. Плешчаніцы.

 

 

Аўтар дадатку да гістарычнай даведцы: У.А. Акуліч

{jlvkcomments-off}