Гэтыя краязнаўчыя нататкі, што датычаць гісторыі Плешчаніц, я запісаў колькі гадоў на­зад на падставе ўспамінаў старэйшай жыхаркі пасёлка Пятрунні Іванаўны Беляковіч. Нарадзілася яна ў 1904 годзе ў сям’і парабкаў, якія працавалі ў памесці графіні Разаліі Тышкевіч. Маці, Францішка Фамінічна, рана аўдавела, пражыла ж амаль сто гадоў і за свой век шмат чаго пабачыла і зведала, пра многае магла расказаць дачцы.

Жылі ж яны, як і іншыя парабкі, у цагляным доме, дзе сёння вуліца Свярдлова. Акрамя Пятрунні, было ў сям’і яшчэ трое дзяцей — сястра Соф’я, па мужу Шыдлоўская, браты Адольф і Уладзя. Маці працавала на ферме ў графскай гаспадарцы, даглядала кароў, свіней, іншую жывёлу.

Упраўляючым у графіні Тышкевіч быў малады шляхетны мужчына Міхаіл Міхайлавіч Каморскі, адукаваны спецыяліст, які скончыў сельскагаспадарчую школу ў Горках (цяперашняя акадэмія). Пра сябе ён пакінуў успамін як інтэлігентны, добры і душэўны чалавек. Сям’я Каморскіх з ласкі графіні займала асобны дом, светлы і прыгожы, што стаяў на горцы паблізу гаспадарчых пабудоў памесця. Для ўпраўляючага гэтая акалічнасць была вельмі дарэчы. Дом Каморскага ў адрамантаваным выглядзе захаваўся да нашага часу, у ім цяпер знаходзіцца філіял Мінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў.

 

 

 Дом апошняга упраўляючага маёнтка Плешчаніцы Міхаіла Каморскага.

 

Захаваліся ў пасёлку і іншыя дамы, у якіх колісь жылі сем’і парабкаў. А ў будынку былой графскай канюшні з пасляваеннага часу і да нашых дзён вымушаны цясніцца дзіцячы сад.

Разам з маці Пятрунні Іванаўны на свінаферме працавала Пракопчык Раіса Уладзіміраўна. Дапамагаў ім мужчына па прозвішчу Садкоўскі. Падвозіў ён пілавінне на подсціл жывёле, кармы са свірнаў. Зімою жывёлу ганялі на выгул, паілі кароў са штучнага возера, якое знаходзілася якраз насупраць цяперашняй лазні. На гэтым жа штучным возеры стаяў вадзяны млын, лесапілка. Вада ў возеры была чыстая, светлая. Летам графіня і яе госці любілі пакатацца на лодках, павудзіць ры­бу, пахадзіць па грыбах і ягадах. Ужо ў наш час, недзе ў 60-х гадах, выразалі волатаўскі графскі лес. Калі ісці па шашы ў напрамку асфальта-бетоннага завода, з правага боку ў маладым лесе можна і сёння згледзець рэшткі той пушчы — пні, многія з якіх маюць таўшчыню па дыяметру болей за метр.

Аберагала старая графіня лес, не жадала прадаваць замежным купцам за бясцэнак. А ўвогуле для ўсіх Тышкевічаў, што ўладарылі на Лагойшчыне, лес быў асноўнай крыніцай даходаў. Разводзілі такія сарты сасны, елкі, дуба, клёна, ясеня, якія давалі добрую драўніну. У лесе раслі нават лістоўніцы, клён канадскі, ліпа буйналістая, граб, вяз, іншыя рэлікты, прывезеныя з-за мяжы.

Недалёка ад вёскі Рагозіна Крайскага сельсавета мелі Тышкевічы лясны гадавальнік. Яшчэ і сёння ў гэтай вёсцы засталіся дзве лістоўніцы з таго гадавальніка ды некалькі клёнаў. Гатовы сартавы лес гналі плытамі па Дзвінасе,  а затым па Віліі і аж да Балтыкі. Нарыхтоўка і сплаў лесу давалі людзям працу і неблагі заробак. Графскія леснікі жылі каля рэчкі Дзвінасы, у 3-4 вярстах ад памесця, ва урочышчы Гарбаты мост. У вёсцы Рудня жыве і сёння дачка аднаго з тых леснікоў, якая можа шмат цікавага ўспомнідь і расказаць пра сваіх бацькоў.

Сплаў лесу з тутэйшых мясцін, дарэчы, працягваўся да 50-х гадоў нашага стагоддзя. Уздоўж рэк Дзівінаса і Вілія ў невялікіх вёсках Прыстань, Ве­нера, Краснае, Выгар, Леснікі жыло нямала сем’яў прафесійных плытагонаў.

Графскі лес межаваўся на поўначы і захадзе ўздоўж левага берагу ракі Віліі, на ўсходзе падступаў да рэчак Цна і Лавоша. Словам, ахопліваў вялікі абшар. Усяго лесу ў Тышкевічаў было некалькі тысяч дзесяцін. Не меней мелася ворыўнай, лугавой зямлі.

У Разаліі Тышкевіч акрамя ўсяго быў багаты сад, а ў ім пчальнік. У хлявах утрымлівалася каля 30 дойных кароў, некалькі быкоў. На двары па­месця мелася малочная, дзе перапрацоўвалі малако на смятану, масла, сыр, твораг. Значную частку прадукцыі адпраўлялі на продаж у Даўгінава, Лагойск, Барысаў.

Парабкі, акрамя грошай, атрымлівалі і аплату натурай. Харчаваліся яны ў сталовай, якая стаяла каля возера, да на­шых дзён захаваўся падмурак. Кухня ж графіні была ў самім палацы, кухарам працаваў нехта Юрэвіч, дапамагала яму старая дзева Адэля, яна ж служыла і пакаёўкай у графіні.

З мястэчка Хатавічы прыязджаў часцяком да графіні на вараным жарабку ксёндз Пацэвіч. Касцёл, дзе ён правіў слу­жбу, знаходзіўся прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер будынак сельскага Савета. У скляпеннях касцёла былі родавыя пахаванні мясцовых памешчыкаў, шляхты, ксяндзоў, графскага роду Тышкевічаў. Храм гэты ўтрымліваўся на сродкі графіні Разаліі Тышкевіч. У той жа час ішло будаўніцтва праваслаўнай царквы ў Плешчаніцах, бо ста­рая згарэла ў 1897 годзе. Грошы на новую царкву зноў-такі выдаткоўвала Разалія Тышкевіч, якая спрыяла вольнаму веравызнанню местачкоўцаў.

На ўскраіне Плешчаніц графіня Тышкевіч выдзеліла ўчастак для новага рынку. У 1906 годзе былі збудаваны тры рады мураваных крамаў. Адна з іх захавалася і па сённяшні дзень, цяпер гэта магазін па абслугоўванню ветэранаў.

 

 

Магазін "Ветэран" у Плешчаніцах уяўляе сабой адну з мураваных дарэвалюцыйных крам, якая была пабудавана ў 1906 годзе

 

Стары ж ры­нак знаходзіўся на месцы, дзе сёння Дом культуры. У гэтым месцы захаваўся былы графскі будынак, дзе некалі жылі парабкі, затым тут быў склад, пякарня і зноў жа склад сельпо.

Успомніла Пятрунія Іванаўна, што ў сваім маёнтку Разалія Тышкевіч заснавала школу, дзе вучыліся пераважна дзеці парабкаў. Сама яна вучыда дзяцей музыцы, танцам, рукадзеллю. Для навучання школьнікаў былі запрошаны і ўпраўляючы з жонкай, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Навучалі дзяцей не толькі грамаце і закону Божаму, але і матэматыцы, прыродазнаўству, геаграфіі, гісторыі.

 

 

Аўтар: Мікола Сідарэвіч
Крыніца: Родны край за 27 студзеня 1996 года