АКЦЯБР (да 1939 года ХАТАЕВІЧЫ) – вёска, цэнтр сельсавета. Упершыню згадваецца ў 1558 г. У 1567 г. сяло, шляхецкая ўласнасць у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1681 г. заснаваны кляштар дамініканцаў. Каля 1752 г. пабудаваны касцёл Прасвятой Троіцы. У 1803 г. пабудаваны новы касцёл. У 1567 г. сяло, шляхецкая ўласнасць у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1809 г. мястэчка і маёнтак, цэнтр Хатаевіцай воласці. Уладанне хатаевіцкага дамініканскага кляштара. У склад маёнтка ўваходзіла 15 вёсак, у мястэчку меліся карчма, бровар, хлебазапасны магазін. Паводле рэвізіі 1811 г. ў мястэчку 118 рэвізскіх мужчынскіх душ. У 1861 г. сяло, 19 двароў, касцёл, маёнтак, казённая ўласнасць. У 1870 г. ў Хатаевічах пабудавана драўляная Свята-Мікалаеўская царква, прыход якой ахопліваў 38 вёсак і хутароў, 2727 прыха-джан, царкве належала 112 дзесяцін зямлі. Дзейнічала царкоўна-прыходская школа. У 1886 г. мястэчка, 9 двароў, 84 жыхары, у Плешчаніцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, праваслаўная царква, касцёл, капліца, сінагога, пры ёй яўрэйская малітоўная школа, шэраг крамаў, карчма. У 1893 г. заснавана мукамольнае і крупяное прадпрыемства (у 1895 г. працавалі 6 рабочых, мелася паравая машына). На пачатку 20 ст. мястэчка, цэнтр Хатаевіцкай сельскай грамады, у якую ўваходзілі 22 вёскі, 637 гаспадарак, што мелі 10 970 дзесяцін зямлі. У 1908 г. дзейнічалі 2 царкоўнапрыходскія школы (для хлопчыкаў і дзяўчынак). У 1909 г. ў мястэчку 61 двор, 322 жыхары, у маёнтку 1 двор, 18 жыхароў. 3 20.8.1924 г. цэнтр Хатаевіцкага сельсавета Плешчаніцкага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. Мінскай акругі. На базе дарэвалюцыйнай створана пачатковая школа, навучанне ў якой вялося на беларускай мове, школу наведвалі дзеці з 34 навакольных населеных пунктаў, у 1924 г. ў ёй вучыліся 50 хлопчыкаў і 67 дзяўчынак.
У 1926 г. ў мястэчку 52 двары, 198 жыхароў, у вёсцы 39 двароў, 172 жыхары, на хутары 2 двары, 12 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас імя Сталіна. У 1941 г. 127 двароў, 463 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну акупанты загубілі 36 жыхароў, 23 жыхароў вывезлі ў Германію, 29 вяскоўцаў загінулі на фронце, 11 у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі 4 савецкія воіны. 3 25.12.1962 г. ў Лагойскім раёне. У 1969 г. 142 двары, 489 жыхароў. На 1.1.2003 г. 230 двароў, 651 жыхар. У вёсцы размешчаны цэнтральная сядзіба калгаса «Спадарожнік», Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт бытавых паслуг, магазін.
Аўтар: В.В. Віталёва
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. – С. 399-400
{jlvkcomments-off}