Гарадскі пасёлак, цэнтр саўгаса “Плешчаніцкі”. За 27 км на поўнач ад Лагойска, 67 км ад Мінска, на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барыcaў – Вілейка і Мінск – Віцебск.
Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім павеце Вялікага княства Літоўскага. У руска-польскуго вайну 1654-67 гг. у ваколіцах Плешчаніц у 1656-57 гг. руйнаваў шляхецкія маёнткі атрад беларускіх сялян Дзяніса Мурашкі. З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка (50 дамоў), цэнтр воласці ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. У Айчынную вайну 1812 г. пры адступленні французскай арміі рускі атрад генерала Чапліца каля Плешчаніц 19 лістапада разбіў авангард 9-га французскага корпуса Віктора. Захапіў 6 гармат і больш за 1400 пaлонных.
Мястэчка належала графам Тышкевічам, што пабудавалі (1817 г.) тут царкву, стварылі прыгонны тэатр, які дзейнічаў у 1825-35 гг. і быў шырока вядомы. Жыхары мястэчка займаліся дробным гандлем, вырабам драўлянага посуду, цвікоў, лыжак і інш. Тут былі школа, сінагога, вінакурны завод, 5 крам, 2 піцейныя двары, кожны аўторак працаваў рынак, 2 разы на год адбываліся кірмашы. У 1882 г. заснавана фабрыка шавецкіх капылоў, у 1895 г. на ёй устаноўлена паравая машына (106 рабочых), пазней пачала працаваць фабрыка шавецкіх гваздоў (38 рабочых у 1904 г.). Паводле перапісу 1897 года, у Плешчаніцах 1086 жыхароў; дзейнічалі паштова-тэлефоннае аддзяленне, аднакласнае народнае вучылішча.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. У гады Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў ваколіцах Плешчаніц супраць германскіх (1918 г.) і польскіх (1919-20 гг.) акупантаў змагаліся партызанскія атрады. З 17.7.1924 г. пасёлак, цэнтр раёна ў Барысаўскай, у 1927-30 гг.– у Мінскай акругах. У 1930 г. у Плешчаніцах 1740 жыхароў. Працавалі з 1929 г. электрастанцыя, млын, лесапільня і сукнавальня, у 1930 г. арцель па вырабу гонты, з 1933 г. МТС, арцель па здабычы жывіцы (80 рабочых). Выдавалася раённая газета “Барацьбіт за калектывізацыю” (з 1938 г. “Ленінец”). З 27.9.1938 г. Плешчаніцы – гарадскі пасёлак у Мінскай вобласці. У 1939 г. – 3,7 тысяч жыхароў. Дзейнічалі крухмальны і тарфяны заводы.
У Вялікую Айчыную вайну з чэрвеня 1941 г. да 1.7.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Барацьбу насельніцтва з ворагам узначальвалі падпольныя райкомы КП(б)Б (кастрычнік 1942 г. – 1.7.1944 г.) і ЛКСМБ (21.11.1942 г. – 1.7.1944 г.), якія базіраваліся ў партызанскай брыгадзе “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага. Выходзіла падпольная раённая газета “Ленінец”. У Плешчаніцах з 18.8.1941 г. да 5.11.1942 г. дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя (23 чалавекі) на чале з П.I. Адамовічам, якая з вясны 1942 г. трымала сувязь з партызанскім атрадам “Барацьба”. З жніўня 1942 г. работу арганізацыі накіроўваў Барысаўскі падпольны міжрайком ЛКСМБ. Падпольшчыкі вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, паперу, звесткі пра варожы гарнізон, накіравалі на службу ў паліцыю і ўправу некалькі членаў арганізацыі, праз якіх мелі звесткі аб планах ворага. У ліпені 1942 г. падпольшчыкі арганізавалі ўцёкі вязняў з канцлагера, у лістападзе 1942 г. замініравалі будынак жандармерыі, падпалілі ўправу, разам з партызанамі падарвалі лесапільню, што вырабляла чыгуначныя шпалы. Пасля гэтых дыверсій большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны. Летам 1943 г. атрад “Мсцівец” партызанскай брыгады “Народныя мсціўцы” правёў аперацыю “Фінансіст”, у выніку якой з Плешчаніцкага банка з дапамогай касіра У.П. Багуцкага былі ўзяты 221 тысяча марак. Пaсля гэтага акупанты 3 месяцы не выдавалі зарплату паліцэйскім. 17.8.1943 г. партызанская брыгада “Народныя мсціўцы” разграміла Плешчаніцкі гарнізон. Былі знішчаны дзоты, будынкі паліцэйскай і раённай упраў, жандармерыі, банка, гараж, склады з гаручым, боепрыпасамі, прадуктамі, амуніцыяй і інш. Плешчаніцы вызвалены воінамі 35-й гвардзейскай танкавай брыгады пад камандаваннем генерал-маёра А.А. Асланава ва ўзаемадзеянні з партызанамі брыгад “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага і імя М.I. Калініна.
У Вялікую Айчынную вайну пасёлак быў разбураны. У 1947 г. Маскоўскімі планіровачнымі майстэрнямі распрацаваны генеральны план адбудовы. Аднак пасляваенныя ўмовы не спрыялі поўнай рэалізацыі генплана. У 1969 г. інстытут “Белдзяржпраект” распрацаваў новы генеральны план забудовы пасёлка з перспектывай да 2000 года.
Цэнтр сучаснага пасёлка фарміруецца на скрыжаванні вуліц Леніна і Вароўскага. Тут размешчаны адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Комплекс устаноў грамадскага харчавання, гандлю і бытавога абслугоўвання склаўся з улікам створаных раней па вуліцы Леніна будынкаў універмага, сталовай, кафэ-рэстарана. У гэтым жа раёне знаходзяцца культурна-асветныя ўстановы. Асноўная жылая забудова квартальная. Зона індывідуальнай сядзібнай забудовы ўздоўж вуліц Чырвонаармейскай і Дзяржынскага, у паўднёвай частцы вуліцы Вароўскага. Па вуліцы Савецкай мікрараён з 2-3-павярховай жылой забудовай. Паміж вуліцай Леніна і р. Малкай размешчаны комплекс інтэрнатаў і дамоў для маласямейных. Асноўныя прамысловыя зоны сканцэнтраваны ва ўсходняй і заходняй частках пасёлка. Дзейнічаюць: комплекс прадпрыемстваў па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны і драўніны (торфапрадпрыемства “Чысцік”, сталярны цэх Лагойскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання), цэх Смалявіцкага завода жалезабетонных вырабаў, участак Мінскага малочнага камбіната, хлебазавод, крухмальны завод, камбінат бытавога абслугоўвання, лесанарыхтоўчае вытворчае аб’яднанне. Непадалёку ад пасёлка размешчаны асфальта-бетонны завод.
Працуюць 3 сярэднія. у т.л. школа-інтэрнат, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы і вочна-завочная школа рабочай моладзі, Дом піянераў і школьнікаў, 2 дашкольныя ўстановы, 2 масавыя бібліятэкі, 2 Дамы культуры, бальніца, паліклініка. Нa ўскраіне пасёлка размешчана геафізічная абсерваторыя Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. Помнікі: У.I. Леніну, на брацкіх могілках савецкіх воінаў і партызан, ахвяр фашызму.
Зона адпачынку – на берагах Плешчаніцкага вадасховішча, пойма р. Малка, якая знаходзіцца ў кампазіцыйным адзінстве з галоўнай вуліцай – Леніна. У зялёную зону ўключаны вялікі лесапарк вакол вадасховішча. Прадугледжана стварэнне спартыўнай зоны з стадыёнам, Домам спорту.
Літ.: Волости и важнейшие селения Европейской России. В. 5. – СПб., 1886; Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Т. 9. – СПб., 1905; Памятная книжка Минской губернии на 1906 год. – Мн., 1905; БССР: Эканоміка-статыстычны даведнік. – Мн., 1931; Хрестоматия по русской военной истории. – М., 1947, с. 315; Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. – Мн., 1940; Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1944). – Мн., 1975; Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1944). – Мн., 1976; Освобождение Белоруссии. 1944. – 2 изд. – Мн., 1974; Болбас М.Ф. Промышленность Белоруссии. 1860-1900. – Мн., 1978; Польскі С.А. Нарысы геаграфіі гарадоў Беларускай ССР (1917-1941 гг.). – Мн., 1973; Жучкевич В.А. Малышев А.Я., Рогозин Н.Е. Города и села Белорусской ССР: Историко-географические очерки. – Мн., 1959; Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): Документы и материалы. Т. 2. Кн. 2. – Мн., 1978.
Аўтары: М.I. Камінскі, А.М. Кулагін
Крыніца: Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кн. 1. Мн. 1987. – С. 256-257