Адкуль паходзіць назва вёскі Гарадзішча

 

У даўніну ўмацаваныя месцы тутэйшыя жыхары называлі гарадкамі, а разбураныя ворагамі – гарадзішчамі. Слова “гарадзішча” у стражытнабеларускай мове значыла – “месца, дзе быў горад, умацаванае паселішча”. Гэта тыповая з’ява ў тапаніміі, калі назва населенага пункта ўтвараецца у залежнасці ад яго месцараспалажэння ў адносінах да іншага аб’екта, назва якога з’яўляецца каранёвай часткай айконіма.

Увогуле лічыцца, што назва населенага пункта – Гарадзішча – з’яўляецца надзейным сведкам месцараспалажэння старажытных умацаваных гарадоў-крэпасцей на тэрыторыі Беларусі   і  часта   аказвае  добрую   паслугу   археолагам. Такія назвы звычайна з’яўляюцца арыенцірам для археолагаў, якія шукаюць старажытныя паселішчы. Прычым сэнс старажытнага слова “гарадзішча”, як правіла, падцвярджаецца раскопкамі і на месцы паселішчаў з такімі назвамі, ці непадалёку ад іх, сапраўды, знаходзяць прызнакі існавання старажытных гарадоў ці гарадкоў. Назва – Гарадзішча – даволі распаўсюджаная у Беларусі. Толькі на Міншчыне сустракаецца 13 вёсак з такой назвай.

Гэта значыць, што вёска Гарадзішча каля гарадскога пасёлка Плешчаніцы, вельмі верагодна, знаходзіцца на месцы ці побач з раней існуючым аб’ектам – умацаваным горадам, які быў разбураны нейкімі ворагамі.

І сапраўды ў кнізе “Памяць Лагойскага раёну” (Т1, 2003) знаходім такую інфармацыю, што за 1 км ад вёскі Гарадзішча размешчаецца сапраўднае гарадзішча. Там жа даецца наступнае яго апісанне: “Ва ўрочышчы Гарадок, за 1 км ад вёскі. Мясцовыя назвы – Замчышча, Горад, Гарадзішча. Пляцоўка памерам 73 х 50 м з паўночнага боку ўмацавана валам, з заходняга – ровам, з усходняга (на схіле) – ва­лам і ровам. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі”. Прыводзіцца і схема гэтага гарадзішча.

 

 

 

 

Як называўся той горад, да якога часу ён існаваў, хто былі тыя ворагі, якія гэты горад разбурылі, можна толькі здагадвацца. Але, археалагічныя дадзеныя пераканаўча паказваюць, што у гэтым горадзе жылі насельнікі, якіх адносяць да культуры штрыхавой керамікі, гэта значыць – балты. З агульнага кантэксту гісторыі тых часоў можна рэканструяваць тыя падзеі і выказаць такую версію, што гэтымі “ворагамі” на самой справе былі прышлыя славяне, г.зн. фактычна нашы продкі, ад якіх мы вядзём сваю радаслоўную, калі адносім сябе да славян. Менавіта яны хутчэй за ўсё і разбурылі ўмацаваны горад балтаў, які размяшчаўся на месцы знойдзенага гарадзішча, і магло гэта быць нейдзе ў ІХ-Х стст. Археалагічнай навукай устаноўлена, што на рубяжы VІІ-VІІІ стст. (а для мясцовасці каля Плешчаніц – ІХ-Х стст.) большасць умацаваных гарадоў і гарадкоў балцкага насельніцтва загінула ў выніку пажараў. Супраціўленне балтаў новым прышэльцам з самага пачатку відаць па ўсяму усё ж мела месца і прывяло да гібелі балцкіх умацаванняў (бо славяне былі больш арганізаваными у ваенным плане; да гэтага ім прыйшлося некалькі стагоддзяў супрацьстаяць даволі моцным нямецкім плямёнам).

Балцкія умацаваныя населеныя пункты выглядалі прыкладна так, як гэта паказана на ніжэй прыведзеным малюнке:

 

 

 

 

 

Хоць гэта рэканструкцыя умацаванага балцкага паселішча з суседняга Вілейскага раёну, але балцкі гарадок каля сучаснай вёскі Гарадзішча каля гарадскога пасёлка Плешчаніцы мог выглядаць падобным чынам.

Аўтар гэтага матэрыялу не бачыў пакуль на ўласныя вочы гарадзішча каля вёскі Гарадзішча непадалёку ад Плешчаніц, але яно можа выглядаць прыкладна так, як выглядае гарадзішча каля вёскі Камень суседняга Лепельскага раёна і як выглядаюць многія падобныя гарадзішчы (на фотаздымку ў нізе – на заднім плане за хатамі вёскі).

 

 

 

 

 Гарадзішча ў вёсцы Камень Лепельскага раёна - помнік балцкай культуры. Першыя стагоддзі нашай эры.

 

 

Цікава, што калі мясцовыя жыхары вёскі Гарадзішча захавалі памяць аб тым старадаўнім балцкім паселішчы у выглядзе такіх мясцовых назваў аб тым месцы, як – Замчышча, Горад, Гарадзішча, значыць можна выказаць здагадку, што тое месца для іх было не зусім абыякавым. Гэта можа быць падцверджаннем таму, што сучасныя беларусы – гэта славяне, якія узніклі на балцкім субстраце. Гэта значыць, што першыя балцкія ваенныя фарміраванні безумоўна аказалі супраціўленне славянам-каланізатарам, але пасля таго як супраціў балтаў быў падаўлены, то астатняе мірнае балцкае насельніцтва так і засталося жыць на сваіх землях, толькі з цягам часу было славянізавана.

 

Аўтар: У.А. Акуліч

 

Крыніца: раённая газета “Родны край”, май 2009