Плешчаніцкая Слабада
Слабада (воля, волька) – гэта новыя пасяленні жыхароў, вызваленых на пэўны час ад феадальнай павіннасці. Кожны раз пасля чарговай вайны сяляне аднаўлялі разбураныя раёны, распрацоўвалі пусткі, уладкоўвалі жытло, адраджалі не толькі сваю, але і панскую гаспадарку. Пасля пэўнага тэрміну слабада набывала статус звычайнай вёскі, хаця яе ўклад і культура вызначаліся некаторымі своеасаблівымі рысамі ў адрозненне ад мясцовых вёсак.
“Беларуская энцыклапедыя”.
ТАЛАКА-ТАЛАКА
Плешчаніцкая Слабада, калі верыць архіўным дадзеным, некалі даўным-даўно налічвала больш за сотню двароў. Пра гэта памятаюць і тыя, хто жыве ў вёсцы ўжо працяглы час. Да прыкладу, В.Ф. Калясень.
На пастаяннае месца жыхарства ў Слабаду Валянціна Францаўна пераехала разам з мужам у 1957 годзе. Разам пабудавалі хату, пасадзілі сад, які пладаносіць і дагэтуль. Выгадавалі дзвюх дачок, зараз радуе бабулю ўнучачка.
– А што ж вам пра вёску расказаць? – у задуменні прамовіла жанчына. – Няма ўжо ў ёй той вялікасці, што была раней, ды і згуртаванасціь жыхароў… Раней, памятаю, калі ў каго бяда – усёй вёскай дапамагалі. Разам адбудоўвалі дамы, разам падымалі гаспадарку, гадавалі дзяцей, выпраўлялі іх у людзі.
Такая традыцыя існавала, напэўна, у любой вёсцы Беларусі, але ў Слабадзе, лічу, яна адчувалася найбольш востра. Чаму? Давайце зноў узгадаем што ж такое слабада, слабодка, воля. Яе жыхароў з самага пачатку аб’ядноўвала агульная справа, і таму пачуццё брацкасці ў слабодцаў у крыві. Пра гэта сведчыць і той факт, што яшчэ на многіх сядзібах засталіся шыльдачкі накшталт такіх: “вядро”, “лом”, “тапор”. Гэтыя назвы – як напамін пра тое, што гаспадары дома павінны браць з сабой, калі ў вёсцы здараецца пажар.
З ПАКАЛЕННЯ Ў ПАКАЛЕННЕ
Слабаду ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі.
Першая – гістарычная – складаецца з доўгай вуліцы і шматлікіх завулкаў, што прымыкаюць да яе з абодвух бакоў. Адным сваім канцом вуліца ўпіраецца ў могілкі, другі – выходзіць да Новай вёскі: некалькіх дзесяткаў дамоў, што пабудаваліся ў апошняе дзесяцігоддзе. Па словах каранных жыхароў, большасць маладых сялян абаснавалася менавіта там. Але ёсць сем’і, якія лічаць за лепшае застацца ў бацькоўскай хаце ці набыць старэнькі дом, каб потым, давёўшы яго да ладу, жыць у ім.
Прыкладам таму – сям’я Сабіна. Іх дом – прыгожы цагляны будынак -- літаральна патанае ў квецені. Толькі геаргінаў мы налічылі тут больш за дзесятак колераў і адценняў. На жаль, пагутарыць з гаспадарамі нам не давялося – дарослыя былі на працы, дзеці – у садку. Але ад іх аднавяскоўцаў мы даведаліся, што гэта старанныя, працавітыя людзі, якія з асаблівым клопатам адносяцца да матухны-зямелькі. “Паглядзіце, якая ў іх сядзіба даглежаная!..”
* * *
…Пераважная частка слабодцаў прысвяціла сваё жыццё сельскай гаспадарцы. Так, больш за трыццаць гадоў адпрацавала на мясцовай ферме наступная наша суразмоўца – Ю. І. Фалькавіч. Дарэчы, жыццё Юзэфы Іосіфаўны – яшчэ адзін яскравы прыклад пераймання лепшых беларускіх традыцый новымі пакаленнямі.
– Зараз разам са мной жыве ўнук, – распавядае жанчына. – Прыйшоў час – жонку маладую ў хату прывёў, праўнучка мне нарадзілі. Ён такі ласунок!
Вочы жанчыны засвяціліся па-добраму.
– Нявестачка ў мяне здатная, – працягвала тым часам бабуля. – Мы з ёй разам і па гаспадарцы нешта робім, і кухарыць я яе вучыла. А яна не-не ды і падбяжыць да мяне: "Бабулечка, а як гэта робіцца?". Мне ж, ведаеце, надта гэта прыемна. Пакуль мы размаўлялі з Юзэфай Іосіфаўнай на двор выйшаў маленькі Арцём. Адразу яго ўвагу прыцягнула рэдакцыйная "сямёрка".
– Бі-бі! – паведаміў ён нам з сур’езным выглядам. Але ўжо праз хвіліну, забыўшыся на аўтамабіль, спрабаваў злавіць вялікага ката: – Кі-ця-я-я!
“ФЯДУЛІ ВОКА, ШТО ЖЫВЕ ДАЛЁКА…”
На скамейцы побач з Юзэфай Іосіфаўнай сядзіць яе даўняя сяброўка – настаўніца В. Н. Якулевіч. Сваё прозвішча, як зазначыла сялянка, яна прывезла з Заходняй Беларусі. Менавіта там прывычнае нам Акуловіч гучыць на польскі манер больш мякка - Якулевіч.
Крыху яшчэ паразважаўшы пра беларускія прозвішчы, жанчына заўважае:
– А наогул, лічу, у любой вёсцы усё ж больш распаўсюджаны мянушкі. Скажы, напрыклад, пра кагосьці Дзіма, Саша ці нават назаві яго па прозвішчу – не кожны здагадаецца, пра каго гаворка. А скажы, што ён, напрыклад, панаў, і вось ужо адразу ўсё становіцца зразумелым.
– Быў у нас тут адзін “дзеяч”, – уступіла ў гаворку Юзэфа Іосіфаўна, – які нават цэлую паэму пра нашы мянушкі прыдумаў. Але таму папярэднічала цэлая гісторыя…
…У статку людскіх кароў быў “стаднік” – бык. Адзін мужчына задумаў скрасці яго. Абуў жывёліну ў лапці – гэта, значыць, каб слядоў не было відаць – і павёў. Аднак хутка злодзея знайшлі. Суд быў. Потым з’ехаў той кудысьці, ці то ў Сібір, ці то на Поўнач. А быка – ён жа агульны быў – падзялілі на ўсіх. Вось той Антон Міхневіч і склаў “паэму”.
– Я яшчэ малая была, увесь твор не ведаю, – працягвала аповед Валянціна Назараўна, – але нешта яшчэ помню. Напрыклад, “Фядулі – вока, што жыве далёка, А тым трэбухі, якіх завуць Петухі…”
ДОЎГАЖЫХАРЫ
Калі паспрабаваць вылічыць сярэдні ўзрост жыхароў Слабады, гэта будзе надзвычай складана. Чаму? Па-першае, напэўна, з-за шматлікасці пражываючых тут. Па-другое, таму, што жыхары вёсцы – рознаўзроставыя. Так, напрыклад, калі самаму маленькаму яшчэ толькі некалькі тыдняў ад нараджэння, то старэйшай ужо больш за 90. Вельмі хацелася нам пагутарыць з гэтац бабуляй Юзэфай Міхневіч, але, на жаль, тая не вельмі добра адчувала сябе, і мы не сталі замінаць яе адпачынку.
ПРА ПРАФЕСАРА І СПАДЧЫНУ
З нейкім хваляваннем і нават гонарам распавядаюць жанчыны яшчэ пра адну вясковую знакамітасць.
– Да вайны наш, слабадскі, хлопец – Антон Міхневіч – быў прафесарам Маскоўскага універсітэта, – узгадвае В. Н. Якулевіч. – Яшчэ хлопчыкам вучыўся ён з маёй матуляй у мясцовай царкоўна-прыхадской школе. Бацюшка тут, як расказваюць, быў надта добры. Сам ведаў шмат і з дзеткамі шчодра дзяліўся сваімі ведамі.
На жаль, не змаглі жанчыны ўзгадаць, якой навуцы прысвяціў ён сваё жыццё. Але распавялі пра тое, што быў той з шматдзетнай сям'і, і што малодшы яго брат Мікалай пасля вайны пераехаў жыць у Канаду.
– Дзетак сваіх у Антона не было, – працягвае Валянціна Назараўна. – Таму, калі паміраў, напісаў завяшчанне, у якім увесь свой скарб перадаў пляменніку Валодзю Міхневічу.
На той час у Слабадзе жыў яшчэ адзін Уладзімір Міхневіч, які ніякага дачынення ні да канадскага родзіча, ні да спадчыны не меў. Але ж стаў прэтэндаваць на сваю долю.
Блытаніна выйшла таму, што ў амерыканамоўных краінах не прынята пісаць імёны па бацьку, а адрозніваліся цёзкі толькі гэтым. На жаль, сапраўднага наследніка ў той час ужо не было сярод жывых, а таму спадчына так і засталася ў Канадзе.
ЖЫВЕ МАЯ ВЁСКА
Развітаўшыся з цікавымі жанчынамі, мы вырашылі яшчэ раз праехаць па галоўнай вясковай вуліцы, каб зірнуць на Слабаду ўжо іншымі вачыма. “Жыве мая вёска, жыве…” – на памяць прыйшлі словы прыгожай беларускай песні. У дварах і агародах завіхаліся гаспадары і гаспадыні, хтосьці займаўся нарыхтоўкай дроў, хтосьці падладжваў плот ці ганак, па вуліцы бегалі дзеці.
А значыць, будзе жыць вёска. Нягледзячы на крызісы і катаклізмы. Нягледзячы на надвор’е – расціць бульбу і хлеб. Нягледзячы на цяжкасці – нараджаць і гадаваць дзетак. І, як некалі даўным-даўно, будаваць будучыню, дапамагаючы адзін аднаму ў цяжкія хвіліны.
Аўтар: Ірына Станкевіч
Фота Паўла Драгунова
Крыніца: Лагойская раённая газета “Родны край” за 19 верасня 2009 г. С. 12. Матэрыял узяты з рэгіянальнага інтэрнет-партала Logoysk.by