Дарога сьмерці: Вялейка — Барысаў — Сібір

 22 чэрвеня 1941 г., у дзень пачатку нямецка-савецкай вайны, быў выдадзены загад пра эвакуацыю вязьняў зь беларускіх турмаў. Вязьні з Баранавічаў, Валожына, Ліды мусілі быць пераведзеныя ў Чыцінскую вобласьць, вязьні з Горадні — у Іркуцк, зь Берасьця — у Тамбоў і Курск. Вялейскія вязьні мусілі накіравацца ў Разань. Паколькі эвакуацыя зь Вялейкі не ўяўлялася магчымай (станцыю ў Маладэчне бамбардавалі нямецкія самалёты), было вырашана перакінуць арыштаваных у Барысаў, а адтуль ужо праз Воршу, Вязьму, Маскву вывезьці ў Разань.

Транспарту для перакідкі не было, а вязьняў было шмат, таму арыштаваныя мусілі прайсьці пехам 180 км да Барысава цягам пяці дзён. Дарога ішла праз Сосенку, Ілію, Плешчаніцы і далей да Барысава. У загадзе на эвакуацыю прыводзіцца лічба — 1023 вязьні, хоць польскія дасьледчыкі лічаць, што ў турме знаходзілася ад 1500 да 1800 чалавек. Вязьні вялейскай турмы ў сваіх успамінах ацэньваюць колькасьць эвакуяваных прыкладна ў 2000 асобаў.

Акцыя пачалася 24 чэрвеня ў другой палове дня. Спачатку ў камэры зайшлі вартаўнікі, якія зачыталі сьпісы хворых і няздольных да маршу, атрыманыя ад лекара. Тым, чыё імя было агучана, загадалі застацца ў камэрах, астатнім загадалі сабраць рэчы, пакінуць у камэрах сеньнікі ды іншыя цяжкія рэчы. Каля 16-й гадзіны вязьняў вывелі на турэмны двор. Тых, хто праходзіў па расстрэльным артыкуле, адвялі за турэмную браму і расстралялі. Як паказваюць успаміны, расстралялі каля 200 чалавек. Пра лёс расстраляных пад мурамі турмы паведаміў нам Васіль Місюля. Рэляцыю пра падзеі ў Вялейцы ён падаў у траўні 1954 г. камітэту Амэрыканскага Кангрэсу пад старшынствам Керстана, што дасьледаваў камуністычныя злачынствы. Успаміны Васіля Місюлі, які ў тыя жудасныя часы працаваў бугальтарам у Вялейцы, можна прачытаць у зборніку дакумэнтаў «За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі», выдадзеным Беларускай Цэнтральнай Радай. Прывядзем толькі вытрымку зь іх.

«Іншы, яшчэ больш жудасны абраз бальшавіцкай апекі на беларускіх землях я бачыў пасьля таго, як бальшавікі ўцяклі зь Вялейкі перад наступаючымі нямецкімі войскамі. Калі ўсе ўпэўніліся, што наехаўшыя з Савецкай Расеі бальшавікі ўцяклі, а іх мясцовыя памоцнікі пахаваліся, то шмат народу захацела адведаць турму, зь якой уначы выгналі ўсіх арыштованых невядома куды. У турме нашым вачом паказаліся абставіны, у якіх бальшавікі трымалі людзей і якіх нельга было забыцца да сьмерці. На ніжэйшым паверху камэры былі высака забалочаныя нечыстотамі, урынай, бруднай саломай. Вышэйшыя камэры былі пазаліваныя нечыстотамі з парашак. Смурод у будынку быў не да вытрыманьня.

На турэмным панадворку была пабудаваная невялікая зямлянка, зь якой ішоў акрываўлены сьлед па зямлі ад нечага цяжкага, валочанага ў бок сьвежа закопанай траншэі тут жа на гародзе. У зямлянцы мы пабачылі моцна апырсканую кроўю сьцяну, на якой было шмат дзюрак ад куль. На падлозе зь пяском быў аграмадны грыб згусьцелай крыві. Тут стралялі людзей, якіх пасьля цягнулі па зямлі ў траншэю.

На другі дзень створаная гарадзкая ўправа, пад кіраўніцтвам Л.Сапешкі, прыступіла да раскопак на турэмным панадворку. Я бачыў, як адкапалі адну самую сьвежую траншэю. Тут былі застрэленыя куляй у патыліцу людзі, са зьвязанымі назад калючым дротам рукамі, уложаныя адзін каля другога і прысыпаныя ня тоўстым слоем зямлі. Пласты людзей ляжалі адзін над другім, разьдзеленыя нятоўстымі слаямі зямлі. Пры мне адкапалі тры пласты яшчэ сьвежых трупаў. Шмат хто зь людзей мог распазнаць сваіх родных ці знаёмых па твары, а ў ніжэйшых пластох — па вопратцы. Далейшых раскопак я ня бачыў, бо на падворку турмы немагчыма было стаяць дзеля цяжкога паху ад адчыненых магіл. Пры мне было вырыта больш за сотню трупаў. Распазнаных забралі родныя з бліжэйшых вёсак і пахавалі на сваіх магілках. Рэшту ахвяраў перавезьлі на гарадзкі могільнік і пахавалі па хрысьціянскім абрадзе.

Агулам знойдзена ў вялейскіх траншэях каля 500 трупаў людзей, вымардаваных НКВД за паўтара года савецкай улады. Так было ў невялічкай Вялейцы, але ж такія парадкі былі пад саветамі па ўсёй шматпакутнай Беларусі».

Перад 22 чэрвеня вэрмахту з ініцыятывы шэфа Айнзацгрупы С было загадана захапіць вязьніцы і ўтрымліваць пад сваёй апекай вязьняў да перадачы іх сілам аховы. Нямецкая выведка працавала добра, і ў першыя дні вайны нямецкаму камандаваньню стала вядома пра эвакуацыю арыштаваных на ўсход. Літаральна адразу была праведзеная эксгумацыя, у якой бралі ўдзел вайсковыя ўлады, новая адміністрацыя, мэдыкі, жыхары местаў, а ў некаторых выпадках замежныя журналісты.

Згодна зь нямецкімі справаздачамі і тагачаснай прэсай, колькасьць зьнішчаных каля муроў складае 500—800 чалавек.

Вернемся ж да астатніх вязьняў. Яны былі падзеленыя на дзьве раўназначныя групы. Асобна былі аддзеленыя ад гэтых дзьвюх групаў жанчыны, якія ішлі па-за асноўнымі калёнамі. Вялейскіх вязьняў надзейна ахоўваў конны канвой, ёсьць сьведчаньні, што ў суправаджэньні вязьняў брала ўдзел уся вялейская міліцыя, якая панічна ўцякала на ўсход.

Першыя расстрэлы былі праведзеныя адразу каля вёскі Касута, што недалёка ад Вялейкі, у якім кілямэтры ці меней ад цяперашняга берага Вялейскага вадасховішча. Апоўначы калёны арыштантаў дасягнулі вёскі Сосенка. Пры падыходзе да вёскі зноў гучалі стрэлы – мо нехта спрабаваў уцячы, пасьля чаго энкавэдысты паклалі вязьняў тварам на тракт. Першы адпачынак быў зроблены ў мястэчку Ілія, што прыкладна за 30 км на ўсход ад Вялейкі. Там вязьні атрымалі па кавалку хлеба, пяць кавалкаў цукру і вады ўволю. Адпачыўшы дзьве-тры гадзіны, вязьні рушылі далей.

Перад Плешчаніцамі калёну нагналі нямецкія самалёты, вязьням было загадана легчы на тракт, ахоўнікі пахаваліся ў равах і пачалі страляць па самалётах зь вінтовак, карабінаў, кулямётаў. На такую страляніну зьвярнулі ўвагу нямецкія лётчыкі, разьвярнулі машыны і скінулі дзевяць бомбаў на канвой. Забітых сярод арыштантаў не было, але загінулі і былі параненыя некалькі канваіраў. Перапужаныя нямецкімі бомбамі, коні з вазамі паразьбягаліся. Гэта раззлавала карнікаў, і пачалася бойня. Вязьням было загадана кінуць свае пажыткі і бегчы да лесу — некалькі дзясяткаў мэтраў ад дарогі, бо ісьці гасьцінцам было небясьпечна. Там, у лесе, ахвяры беглі некалькі кілямэтраў безь перадыху. Тых, хто адставаў, расстрэльвалі зь вінтовак або, каб ашчадзіць патроны, забівалі штыхамі.

Вось што ўспамінаў удзельнік таго маршу Францішак Пілярскі:

«Людзі падалі ад зьнямогі. Тады іх калолі штыхамі два ці тры разы, і далей. Па астатніх стралялі бесьперапынна. Казік Ракоўскі дапамагаў свайму стрыечнаму брату, я яму дапамагаў. Да нас падбег адзін з энкавэдыстаў і зароў: «Бросай его». Дулам рэвальвэра настаўляў то на мяне, то на Казіка. Мы кінулі стрыя Казіка. Энкавэдыст стрэліў з рэвальвэра двойчы ў галаву, і бедны Ракоўскі зарыўся носам у зямлю. Мы беглі далей. Страх сьмерці гнаў нас наперад».

Вязень Баляслаў Янцэвіч успамінаў:

«У часе адпачынку гімназіст Часлаў Сівіцкі выразіў нязгоду у адрас канвою з нагоды забойстваў палякаў. Яго адразу расстралялі на вачах у іншых вязьняў. Па гадзінным перапынку зноў сказалі ўстаць і маршаваць далей. Калі ўсе ўсталі, сын Маршанскага (настаўніка зь Сьвянцянаў), ідучы з бацькам, хацеў яму дапамагчы, гэта заўважыў энкавэдыст, падбег да Маршанскага і загадаў адпусьціць бацьку, сын не паслухаўся, зараз жа энкавэдыст стрэліў Маршанскаму ў галаву, забіўшы на месцы, сына ж ударыў».

Канвой загадаў сьцішыць бег толькі пад самымі Плешчаніцамі. У тым шалёным бегу загінула шмат вязьняў. Доктар Вялічка (Тадэвуш Дыбоўскі), удзельнік таго маршу, у кнізе Рышарда Шаўлоўскага «Польска-савецкая вайна 1939 г.» ацэньвае колькасьць забітых у дарозе — 108 чалавек. У «Рэгіянальнай газэце» друкаваліся прозьвішчы тых, хто быў забіты на Дарозе Сьмерці зь Вялейкі ў Барысаў і каго запомнілі доктар Вялічка з таварышамі.

Але гэта быў яшчэ не канец. Пад Барысавам на мосьце церазь Бярэзіну за пару кілямэтраў ад гораду кінуўся ў ваду Юзаф Ярашэвіч, што справакавала новы расстрэл тых, хто ішоў побач зь ім.

28 чэрвеня калёны дайшлі да Барысава. На ўскрайку гораду слабейшых вязьняў пасадзілі на аўтамабілі і завезьлі на станцыю. Там вязьняў пасадзілі ў таварныя вагоны, замкнулі дзьверы. Пачаўся налёт. Канваіры разьбегліся хавацца. Цягнік зь вязьнямі знаходзіўся паміж вайсковымі цягнікамі, таму замкнёныя арыштанты патрапілі ў самы эпіцэнтар абстрэлу зь нямецкіх самалётаў. Праз Воршу, Вязьму, Маскву вязьняў даставілі ў Разань. Замест 322-х вязьняў, паводле дакумэнтацыі НКВД, у Разанскую турму прыбылі толькі 322 справы на іх. Гэта значыць, што ў дарозе загінулі яшчэ 322 чалавекі.

Для жывых пачынаўся новы этап іхных пакутаў.

 

Аўтар: Алег Гардзіенка
Крыніца: [інтэрнет-рэсурс] Сайт газэты “Наша Ніва” .

 

       Вада змяшалася з крывёй

Зьнішчаны былі вязьні ў Пінску, Глыбокім, Вялейцы, Ігумене і іншых гарадах. Былая жыхарка Вялейкі спадарыня Алена Шарэпа-Лапіцкая расказала мне, як у пачатку вайны энкавэдзісты расстрэльвалі арыштаваных каля вялейскага астрога, як сьпешна вывозілі ў лес на экзэкуцыю за вёскай Касута. Каго не пасьпелі на месцы — гналі на ўсход і расстрэльвалі па дарозе. Так утварыліся ў нас крывавыя дарогі — дарогі сьмерці. Бадай, не засталося ўжо на Беларусі дарог не крывавых. Вось, напрыклад, адна зь іх: Вялейка — Барысаў, 24 чэрвеня 1941 г. каля дзвюх соцень людзей энкавэдзісты расстралялі ў вялейскай турме, а астатніх каля 2.000 пагналі пад канвоем на Барысаў праз Сосенку, Ілью, Плешчаніцы. Па дарозе забілі 700.

Польская дасьледчыца Крысьціна Ласковіч надрукавала фрагмэнты ўспамінаў тых, хто, прайшоўшы гэтым шляхам, застаўся жывы, — гэта У. Лукша. Я. Дзядуль, А. Колас, В. Ярашэвіч, Б. Янцэвіч, Р. Пярун, А. Кузьняцоў, К. Халасьцянаў, Я. Бэздэль і інш. Яны ўспаміналі:

«…Людзі слаблі, падалі, тых, якія не маглі ўжо падняцца, расстрэльвалі альбо па некалькі разоў прабівалі штыкамі». (А. Колас).

«…Чуліся енкі. Стралялі па нас, ляжачых. Зь якой прычыны, невядома. Пасьля страляніны на шашы засталося пяць забітых і некалькі раненых (…). Нам сказалі падняцца і ісьці далей. Першая група была наперадзе каля двух кілёмэтраў ад нас. 3 той групай была зроблена такая самая апэрацыя. Даходзячы да вёскі Кавалі налічыў шэсьць трупаў, якія ляжалі пад плотам непадалёк ад вёскі». (К. Халасьцянаў).

Потым людзей пагналі хуткім тэмпам. Хто не вытрымліваў, тут жа забівалі штыкамі, прыкладамі альбо расстрэльвалі. За 20 кілёмэтраў ад Плешчаніц замардавалі такім чынам некалькі сот душ.

«Людзі падаюць ад стамленьня, іх прабіваюць штыкамі два-тры разы — і далей. Па астатніх з тылу (калёны) страляюць без перапынку (…).

Чую, што сілы мяне пакідаюць. 3 носу хлынула кроў. Павольна адстаю і ўжо скора апынуся ў канцы, дзе без перапынку людзі падаюць ад рэвальверных куль. Перабягаем праз невялікі дол паміж адным і другім лесам. Бачу, што пасяродку лукі забалочаная зарослая рэчка. Адсутнасьць вады, голад, бо ўжо трэці дзень нічога ня елі — адбіралі ў нас рэшткі сілы. Спадзяюся, што тут злаўлю хоць адзін глыток вады. Але, убачыўшы страшнае мардаваньне, адагнаў гэтую думку. Тры вязьні зазяхаўшыся, дабеглі да рэчкі і нахіліліся да вады. Адразу ж падскочыў да іх адзін з энкавэдзістаў і штыком прапароў усіх па чарзе. Целы затапіліся ў вадзе. Перабягаю праз кладку, зробленую з гальля; бачу, што рэчка напоўнена трупамі. Вада зьмяшалася з крывёй, уся чырвоная…» (Ф. Пілярскі).

«…Пачуўся голас каманды: «бегом!». Змучаныя вязьні пахіліліся наперад, нібы хочучы выканаць гэты загад, але ногі ўжо ня слухаліся. У тую ж хвіліну я пачуў тупы скрыгат штыкоў па касьцях схуднелых вязьняў». (Б. Янцэвіч).

А вязні — гэта «ворагі народа»: настаўнікі і сяляне, служачыя чыгункі і гімназісты, адвакаты і прафэсары, рамесьнікі і рабочыя, беларусы, палякі, гэбраі (…). Такі быў іх крывавы шлях. Ня знойдзена нават пахаваньняў. Сама дарога стала пахаваньнем.

….

 

Крыніца: Пазняк З. Народная газэта, 9 жніўня 1991 года. Узята з інтэрнэт-рэсурса “Беларуская салідарнасць”. Электронны адрэс матэрыяла: http://www.bielarus.net/archives/2007/06/26/1253

Заўвага. Матэрыялы перадрукаваны с захаваннем правапісу арыгіналаў. – У.А. Акуліч