Яшчэ нядаўна, на беразе ракі Гайна ля гарадскога фантана, раскінуліся курчавыя кусты хмызняку і вербалозу, стромкія векавыя алешыны і клёны, белагрудыя бярозкі. Іншы раз здавалася, што гэта не проста дрэвы, а спрадвечныя вартаўнікі, якія сцерагуць спакой усяго жывога ў парку.

 

Менавіта сюды прыходзілі навучэнцы Лагойскай школы мастацтваў на пленер, каб на сваіх палотнах захаваць некранутую прыгажосць дзівоснага куточка. А яшчэ гэта было ўзлюбленным месцам многіх гаражан.  Ад чыстага, напоўненага водарам зёлак, паветра, ад спеваў птушак, ад звонкага гарэзлівага гучання крынічак – ад усяго гэтага кружылася галава і душа напаўнялася чароўнай мелодыяй дабрыні і шчасця, хацелася ўзляцець у бясконцае жаўруковае неба і, неадрываючы вачэй, любавацца бязмежнай прыгажосцю роднага краю.

Зараз нічога гэтага няма… І неяк у адно імгненне парк асірацеў. Агалілася рэчка, а наўкол стала маўкліва і непрытульна. Самае прыгожае месца ў парку зараз больш нагадвае велізарны сметнік, які сустракае прахожых самотным шапаценнем. Я не спецыяліст, не ведаю ўсіх тонкасцей меліаратыўнай сістэмы, але мне, як і многім, неабыякавы далейшы лёс шматвекавога жывога гістарычнага помніка. Якое мы, нашчадкі, маем права, так бяздумна губіць складаны механізм прыроды, уносіць свае карэктывы ў яго існаванне? Мае разважанні перапыніў немалады мужчына, які ўважліва прыглядаўся да кожнага струменьчыка вады, што струіўся з каменнай сцяны, нібы та падлічваў ці ўсе.

- Я ненадоўга выязжаў з горада, а ўчора вечарам вярнуўся, -- разгублена загаварыў  Сяргей Іванавіч. – Унучка казала, што добраўпарадкоўваюць парк. Вось прыйшоў паглядзець. Жахліва. А ведаеце, быў час, калі я дасканала цікавіўся гісторыяй Лагойска. Пералапаціў, як кажуць, не адзін стос дакументаў. Аказваецца, што кожнае дрэва ў графскім парку мае  сваё канкрэтнае месца і пры гэтым усе расліны выконвалі адну функцыю – садзейнічаюць таму, каб крынічкі бруіліся вякамі. Яшчэ з мінулых часоў павялося, што побач з калодзежамі заўсёды садзілі дрэва, якое сваім карэннем нібы выцягвала ваду з зямных недраў. Нашы продкі добра памяталі, што калі зрэзаць тое ж дрэва, то калодзеж можа перасохнуць. А цяпер паглядзіце што адбываецца…

На шляху крынічак, якія б’юць з-пад гары, навярнулі пясчаную дамбу. Многія гараджане ўжо паспелі яе абазваць – “светлы шлях”. Вось толькі да чаго ён прывядзе, пакажа час. А пакуль гэта нішто іншае, як перашкода, якая не дае магчымасці зямлі дыхаць на ўсю моц. Таму відаць, як вада падымаецца ўгору, а крынічкі, шукаючы сабе новае русла, падмываюць карэнне векавух.  Злевага боку ад пясчанага насыпу невядома адкуль з’явілася чорная багма. Я паспрабавала кінуць на яе камень. Ён тут жа праваліўся.  А калі сюды выпадкова аступіцца чалавек? Чорная дрыгва нікога не пашкадуе. Як і тую старую альшыну, што выкарчавала зарам з корнем. Бездапаможнае дрэва ўпала акурат на дамбу, выцягнуўшы маўкліва-самотныя галінкі.

Прабіраючыся праз расхрыстаную крону, накіравалася ў бок купелі. Паабапал “светлага шляху”, напэўна бульдозерам, пасцягвалі ў кучы хмызняк  і дрэвы. Мабыць яны таксама перашкаджалі “добраўпарадкаванню прыбярэжнай тэрыторыі”. Затое, імправезаваныя насыпы хаваюць ад назойлівых вачэй невялікае возера, якое скрозь закідана сухімі дрэвамі і ламаччом. Вось куды б накіраваць чалавечую фантазію і энергію

- Там бабры калісьці папрацавалі, -- дзеліцца сваімі назіраннямі Таццяна. -- А вось гэта,-- жанчына паказала на брыдотную лужу, -- ужо нацякла пасля таго, як зрабілі дарогу. Тут жа паўсюль бруяцца крынічкі. Нават у лютыя маразы рэчка ў гэтым месцы ніколі не замярзае, таму я з вокнаў часценька назіраю за качкамі і лебедзямі. А калі насыпалі пясок, то шматтонныя машыны калыхаліся,  нібы на хваляхах.

Безумоўна, некаторыя месцы ў парку сапраўды патрабуюцьі рэканструкцыі і парадку. Напрыклад, грамадскі туалет. Дарэчы, чаму такі важны элемент адчутнічае ля купеляў, да гэтага часу застаецца загадкай. Здавалася б, ля галоўнай візітнай карткі горада, якую наведваюць і замежныя госці, можна было паставіць хаця б біатуалет, як гэта робяць на Вадохрышча.  А так усе жадаючыя кожны раз наведваюцца, прабачце, “у кусцікі”, на месцы якіх зараз насыпалі дарогу. Шмат пытанняў гараджане задаюць наконт стадыёна. Ламаць – не будаваць. Для нас звычайная справа. Вось толькі калі давядзецца аматарам футбольнага мяча  атрымаць асалоду ад гульні, невядома.

Новаўзведзеная дарога сапраўды значна скарачае шлях. Праўда, складваецца ўраджанне, што спачатку яе зрабілі, а ўжо потым падумалі.  Бо так сапсаваць наваколле можа толькі бяздушны чалавек. І аднаму Богу вядома, хто ў гэтай барацьбе пераможа: людзі, якія імкнуцца перабудаваць прыроду на свой лад, ці прырода адпомсціць “чужаку” за тое, што парушыў яе сістэмнасць?

Р. S. У ціхае маўклівае надвор’е дрэвы- старажылы выглядаюць адзінока і сіратліва. Але як толькі налятае вецер, над паркам стаіць жахлівае рыпенне і енк дрэў. Нібы жывыя істоты, яны шукаюць у нас, людзей, паратунку. Галоўнае, своечасова яго пачуць, сэрцам.




 

 

 

 

 

 

 

 

Аўтар: Валянціна Дашкевіч
Фота: Юрый Крывашэй