Мала хто ведае, што песня на словы Валерыя Максімовіча “Спявай, душа мая”, якую выконвае ансамбль “Песняры”, напісана пра Плешчаніцкі край. Менавіта адсюль, з вёскі Траянец Няставіцкага сельсавета Лагойскага раёна, родам паэт Валерый Максімовіч. З ягоных слоў гэты верш, які затым быў пакладзены на музыку і стаў песняй, быў напісаны ў адну з паездак да маці, якая і сёння жыве ў роднай вёсцы. Дарога да гэтай вёсцы з Мінску ляжыць праз Плешчаніцы. І хоць у песні няма слоў “Плешчаніцы” ці “Плешчаніцкі край”, па прызнанні яе аўтара, яна прысвечана менавіта таму краю, які ляжыць у наваколіцах гарадскога пасёлка Плешчаніцы. Цяпер гэта песня (сярод іншых трынаццаці) увайшла ў новы альбом ансамбля “Песняры” пад назвай “Вольному – воля” (West Records, 2009).
Цікава, што Валерый Максімовіч нарадзіўся ў апошні год існавання Плешчаніцкага раёна (у 1962 годзе) і месцам яго нараджэння ў метрыцы значыцца вёска Траянец Плешчаніцкага раёна. Таму, па яго ўласнаму прызнанню, ён сапраўды атаясамлівае Плешчаніцкі край са сваёй роднай старонкай. У песні "Спявай, душа мая" можна лёгка здагадацца каго Валерый Максімовіч называе "Красуня мілай Беларусі" - зразумела Плешчаніцкую зямлю.
Паэт Валерый Максімовіч, які нарадзіўся ў вёсцы Траянец Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна, з'яўляецца аўтарам слоў песні "Спявай, душа мая". Валер Максімовіч ў 1977 годзе скончыў Бялянскую пачатковую школу, а ў 1979 годзе - Завішынскую сярэднюю школу.
Прычым, верш “Спявай, душа мая” не адзіны, які паэт Валерый Максімовіч прысвяціў роднаму краю. Ёсць яшчэ вершы “Роднаму краю”, “Прасветлае”, “На хутары былым”, і іншыя. Некаторыя яго вершы таксама пакладзены на музыку і іх выконваюць іншыя спевакі. Паэт Валерый Максімовіч абяцаў падумаць над напісаннем слоў для гімна гарадскога пасёлка Плешчаніцы.
Можна разлічваць на тое, што яшчэ не адзін верш Валерыя Максімовіча, пресвечаны нашым родным плешчаніцкім мясцінам, прагучыць у выкананні ансамбля “Песняры”. Так нядаўна яго мастацкі кіраўнік Вячаслаў Шарапаў у адным з інтэрв’ю сказаў: “Мне пашанцавала на новага сябра: гэта рознабаковы адукаваны чалавек, вучоны, цікавы паэт, і дырэктар Інстытута літаратуры НАН Беларусі. Дастаткова было прачытаць некалькі яго вершаў, каб адразу ўбачыць перспектыву нашага супрацоўніцтва. Мы дамовіліся сумесна стварыць цыкл песень – зразумела, на яго вершы, і першай, напэўна, будзе “Спявай, мая душа!”.
|
Мастацкі кіраўнік ансамбля "Песняры" Вячаслаў Шарапаў. Фота з газеты "ЛіМ"
Ансамбль "Песняры" выконвае песню "Спявай, душа мая" на словы паэта Валерыя Максімовіча. Упершыню гэта песня была выканана ў 2007 годзе. Фота з газеты "ЛіМ"
У бліжэйшы час на сайте Плешчаніцы.by будзе размешчана інтэрв’ю з Валерыям Аляксандравічам Максімовічам, з якога можна будзе даведацца больш падрабязна пра гэтыя і іншыя цікавыя рэчы.
Саму песню ў фармаце mp3 можна скапіраваць с сайта ансамбля “Песняры” і паслухаць у сябе на кампутары. Спасылка http://pesnyary.by/demo/
Тэкст песні “Спявай, душа мая”:
Краю мой мілы, чароўны мой край,
Зноў я вітаю цябе з любоўю,
Кожнай часінай і кожнай парой,
У думках і марах сваіх я з табою;
Сонейка ўстане, адхлыне нуда,
Любасць сэрца мае запалоніць,
Вабіць паднебна блакітная даль,
Клічуць жытнёва зялёныя гоні;
Прыпеў:
Тут паплавы, лугі і пожні,
Тут любы мой прасветлы край,
Усёй зямлі і кветцы кожнай,
Спявай, душа мая, спявай!
Толькі ў родным куточку-краю,
Замілаванне ў сэрцы адчую,
Закалышу, прыгалублю сваю,
Мілую, ветлую, дарагую;
Прыпеў:
Я да цябе душой хінуся,
І ў сэрцы зноў квітнее май,
Красуня мілай Беларусі,
Спявай, душа мая, спявай!
Прыпеў:
Тут паплавы, лугі і пожні,
Тут любы мой прасветлы край,
Усёй зямлі і кветцы кожнай,
Спявай, душа мая, спявай!
Уладзімір Акуліч, Плещеницы.by
Предыдущие публикации по теме:
Выказванні пра творчасць Валерыя Максімовіча