Сёння Мятлічыцы па сучасных паняццях даволі вялікая вёска, хаця і не з'яўляецца цэнтрам сельсавета. Але тут працуюць дзіцячы садок і аддзяленне сувязі, дом культуры і гандлёвыя кропкі. Пражываюць у Мятлічыцах 557 чалавек, з якіх толькі 88 пенсіянераў і ажно 78 дзетак, што, пагадзіцеся, для сучаснай вёскі таксама не зусім звычайна.


Мятлічыцы -- вёска з багатым мінулым. І хаця яе гісторыя налічвае не больш за 400 гадоў, яна перажыла шмат падзей.

 

У XVII-XIX стагоддзях неаднаразова перадавалася і перапрадавалася яна ад аднаго пана -- другому. Некалі, у сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя, тут працавалі дзве карчмы і хлебны магазін, былі ветраная і вадзяная мельніцы, піваварня і вінакурня. Меліся вапняковыя і цагляныя печы, была развіта жывёлагадоўля.

 

А ў тым, што тут жывуць старанныя рупліўцы, годныя грамадзяне нашай краіны, можна было ўпэўніцца падчас свята, што прайшло ў мінулую суботу. На працягу некалькіх гадзін ушаноўвалі тут працаўнікоў. Лепшага механізатара мясцовай гаспадаркі Антона Красоўскага, лепшага вадзіцеля Івана Войціка, лепшую даярку Яніну Хоміч, лепшга жывёлавода Міхаіла Гарохавіка, лепшага працаўніка леса Вячаслава Бабровіча, лепшага сацыяльнага работніка Ірыну Акуліч, лепшага настаўніка фізвыхавання Генадзя Сташкевіча, лепшую выхавацельніцу Жанну Усцін. Жывуць тут і трое ардэнаносцаў. Аляксандра Шэлях мае «Ордэн працоўнага чырвонага сцяга», Мікалай Хоміч і Віктар Ваўчок -- кавалеры «Ордэнаў працоўнай славы ІІІ ступені».

 

Дасталіся падарункі ад сельвыканкама і самай старэйшай жыхарцы вёскі Марыі Падбярозцы, якой 22 чэрвеня споўнілася 90 гадоў, і самай маленькай -- месячнай Сонечцы Барылюк. Дарэчы, дзяўчынка нарадзілася чацвёртым дзіцём у сям'і, і яе бацькоў, як і сем'і Хадатовічаў, Яновічаў, Харэвічаў, Кірычэнка, Ібраевых, у якіх гадуецца ад трох і да сямі дзетак, чакалі прызы ад сельвыканкама і добрыя словы ад землякоў. Да таго ж, маленькім жыхарам Мятлічыц дасталіся падарункі і ад Чырвонага Крыжа і сацыяльнай службы раёна.

 

Акурат у гэтыя дні залатое вяселле адзначаюць Пётр і Вера Танкевічы. Падарылі ім, акрамя цэннага прыза, «кветак букет, каб пражылі вы сто лет!» і «качан капусты, каб у хаце не было пуста», і «збанчык, каб у хлеве гадаваўся кабанчык», і «грошы, каб унукі-праўнукі былі харошы» і шмат чаго іншага. А потым уся вёска «маладым» дружна крычала «Гор-ка! Гор-ка!»

 

Цяжка пералічыць усе прозвішчы тых, хто стараецца зрабіць свой край прыгажэйшым. І тым не менш. Па выніках конкурсу лепшым кандытарам была прызнана Ірына Акуліч, лепшым майстрам -- Вольга Якубоўская, лепшым кветкаводам -- Ала Касач, лепшым дызайнерам падвор'я -- Уладзімір Мікуліч.

 

Ці трэба казаць, што ўсім ім дарылі свае песні артысты не толькі мясцовага СДК, але і прыехаўшыя на свята з усяго раёна. Тут жа можна было прыкупіць цудоўныя рэчы народных майстроў, пакаштаваць выпечку, зробленую аднавяскоўцамі, завітаць у казахскі куточак, дзе жыхарка Мятлічыц Асімя Акуліч частавала ўсіх жадаючых прысмакамі нацыянальнай кухні.

 

На радасць малым працаваў кіёск з паветранымі шарамі і іншымі цікавмі цацкамі, на радасць дарослым крыху ўбаку смажыліся духмяныя шашлыкі. З другога боку мясцовы настаўнік фізічнай культуры Генадзь Сташкевіч арганізаваў для аматараў актыўнага адпачынку спартыўныя гульні. Дарослыя хлопцы мераліся сіламі ў перацягванні каната, малыя -- у імправізаваным рынгу з завязанымі вачыма шукалі ў траве мячыкі. Дзяўчаткі паспрабавалі сябе ў дартсе. Адным словам, занятак знайшоўся для кожнага.

 

Нават калі сонца схавалася за бліжэйшым лесам, вяскоўцы ўсё яшчэ падпявалі эстрадным выканаўцам. А потым разам з артыстамі шукалі папараць-кветку -- у той дзень свята вёскі плаўна перайшло ў святкаванне Купалля.

metl1

metl2

metl3

metl4

metl5

metl6

metl7

metl8

metl

 

 

 

 

 

Фота І. СТАНКЕВІЧ.

Крыніца: "Родны Край"